Перайсці да зместу

Старонка:Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках (1924).pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Двух зьдзірцаў мелі над сабою сяляне — духоўніка і пана. Царкоўныя званы і панская нагайка здружыліся, ссябраваліся і ціскалі горб ратая ўсё ніжэй і ніжэй да нямой маткі глебы, прымушалі гарапашніка працаваць да крывавага поту, да балючых мазалёў. Мужык адчуваў гэтую вялікую крыўду над сабою, бо зьдзекі былі надзвычайныя: поп і ксёндз замест абстрактнага бога і нябесных багавіц падсунулі мужыку фізычных багоў — цара і пана, а пан мяняў людзей, падданых сваіх, на сабак, прымушаў маладзіц вясковых карміць грудзьмі шчанят, гвалтаваў сялянскіх дзяўчат і мужыкоў на сьмерць засьцёбываў бізуном. Мужык гэта адчуваў вельмі сьвядома. Часам падымаў паўстаньні, забіваў свайго пана, мсьціў як мага, але ў большасьці цешыў сябе толькі ў казках-байках, дзе выказваў спадзяваньне аб тым, што надыйдзе час, і ён, ратай, стане вольным чалавекам, роўным з усімі на зямлі.

Сялянскіх гэрояў-рэволюцыянэраў за час паншчыны было шмат. Захаваліся аб некаторых і казкі. Вось аб адным з такіх рэволюцыянэраў расказвае селянін Дудар з вёскі Чудзін у Случчыне („Сказки и разсказы бѣлоруссовъ-полѣшуковъ“ Сержпутоўскага).