баба: калі ё што, то зьесьць, а калі няма, дык і так абыйдзецца.
Мо‘ яшчэ доўга так пражыла-б тая баба, але от раз ехаў праз тое сяльцо тамашні пан, убачыў ён старэнькую бабу ды й зьдзівіўся, што яна так доўга жыве.
—Хіба-ж ты, бабка, яшчэ жыва? — пытае пан.
— Жыва, паночку, мой саколіку…
— Як ты жывеш?
— Якое маё жыцьцё, паночак мой даражэнькі! Як так жыць, то лепей гніць: зарабіць — ня здолею, а дзеткі ды ўнукі ўсе даўно паўміралі. Некаму й вады падаць.
— Чаму-ж ты, баба, ня шэпчаш, або не варожыш?
— Ня ўмею, мой лябедзіку!
— Слухай, баба, я цябе наўчу.
— Наўчы, мой саколе ясны, наўчы, каб не дарма сьвет займала.
Пан прыхіліўся к вуху ды й кажа бабе: «от як пазавуць цябе к хвораму, дык ты пахукай трэйка на яго ды й шапчы — сіголаў жыў, сіголаў не. Пашапчы о гэ трохі, ды дай яму выпіць вады, то ён і паправіцца. А калі памрэ, то сіголаў яго бяры. От затое цябе будуць карміць і паважаць».
Падзякавала баба пану ды й пачала шаптаць, пачала людзей ратаваць.