Толькі быў там адзін чалавек; ён многа па сьвету ходзіў: кажуць, быў аж у Краўлеўцы. От гэты чалавек не баяўся ведзьмара і ўсё казаў, што вядзьмар толькі чмуціць. Але яму ня верылі.
От той чалавек пашоў у сваё жыта і зрабіў там заламку. Цераз нядзелю, а мо‘ й дзьве, прыходзіць к таму ведзьмару і просіць, каб ён вырваў тую заламку.
Пашлі яны на поле.
Падышоў вядзьмар к заламцы на шагоў дваццаць ды й кажа, што ня можа ісьці далей, такая моцная заламка. Скінуў гэта вядзьмар нагавіцы й сарочку ды так, як маці радзіла, папоўз к заламцы ракам. Паўзе і ўсё стогне, што вельмі моцна ўзьдзеяна.
Маўчаў гэта, маўчаў той чалавек, а як падыйшлі другія людзі, ceў на ведзьмара вярхом, дастаў з-пад палы гарапнік ды давай паласаваць ведзьмара.
— Вот-жа, — кажа, — я табе, хварэць тваёй матары, пакажу, як моцна ўзьдзеяна, бо гэтую заламку я зрабіў сам!
Раве нямым голасам вядзьмар, а той яго лупіць.
Біў-біў, пакуль здаволіўся ды й пытае:
— А што, ня будзеш больш добрых людзей чмуціць?
— Ня буду, — просіцца вядзьмар, — толькі пусьці жывога.