Перайсці да зместу

Старонка:Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках (1924).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

II.

Папы і ксяндзы.

Шмат з народных казак на тэмы аб духавенстве носяць вельмі няпрыстойны, порнографічны характар. Прыкладаў з гэтых казак мы зьмяшчаць тут ня будзем. Успамінаем аб іх толькі дзеля таго, каб паказаць, як наш селянін шануе сваіх „духоўных бацькоў“, і як папы і ксяндзы атэставалі сябе ў нашым краю, бо казкі аб тым, як папы і ксяндзы робяць залёты да чужых жанок, ня што іншае, як праўдзівыя бытавыя рысы, на манер новэлак аб духавенстве італьлянскага пісьменьніка XIV веку, Джыованьні Боккачыо. Відаць, што духавенства ўсіх часоў і краёў мае адны і тыя самыя цягі да золата і блуду, і ўсюды народ гэта добра прыкмячае.

Наш селянін глядзіць на папа, як на нейкае дзікае страшыдла. Поп так намазоліў вочы селяніну, ажна папа і за чалавека ня лічыць, а за нейкага зьвера з клыкамі, які дзярэ на шматы і жывых і мёртвых. У селяніна заўсёды зьяўляецца пытаньне: хто паслаў на яго, селяніна, гэткую кару — папа?