Аддалёнасьць мінулага і новы тон баечніка, памятаючага паншчыну, ажыўляюць малюнак і надаюць яму романтычна-драматычны характар. Вось даямо казку, у якой цэнтральнай фігурай зьяўляецца пісар, які ня страціў свайго аўторытэту сярод вясковага сялянства да апошніх дзён. Сяляне вераць у пісара, як у бога, і «грамацей» выкарыстоўвае іх цемнату на кожным кроку. На фоне гэтай казкі аб хітрасьці п‘янчужкі пісара выступае і кавалак быту паншчыны.
Быў адзін ліхі пан. Цяжка пад ім жылося людзям: цэлы тыдзень хадзіў на паншчыну, а што зробіш у нядзельку — і тое аддай пану. То яму давай сушаных грыбоў, то назьбірай рыжыкаў, то ягад — усё яму трэба. Даўней, як дасьць бог зіму, цэлы абоз фурманак плішчыць усялякае дабро ў места, або ў другі двор.
Самога пана немаль ніколі ня бачна было, бо ён усё езьдзіў заграніцу ці ў Аршаву. Раз доўга пана ня было ў дварэ, і пашла чутка, што пан суздром ня вернецца, што ён прадаў маёнтак якомусь другому пану. Хто іх там ведае, моʻ і праўда, — кажуць, быццам той пан за пару загранічных коней і пяток якіх сабак аддаў увесь маён-