думкамі, а штрыхамі з праўдзівага жыцьця. У большасьці гэтыя казкі вызначаюцца мастацтвам малюнку, гармонічнасьцю думак і маюць нямалую літаратурную вартасьць. Да іх ніякія тлумачэньні непатрэбны, бо перад чытачом разгартаецца цэлы рад малюнкаў з ня вельмі далёкай мінуўшчыны. Бойкасьць мовы, стыльнасьць і жывасьць гэтых баек ня страцілі сваёй сьвежасьці і па сягоньнешні дзень. Гэткія літаратурныя творы няграматных казаньнікаў маглі-б друкавацца з посьпехам у любой часопісі. Яны маюць вартасьць ня толькі для гісторыка літаратуры, але й для таго, хто студ‘юе сялянскі быт часоў паншчыны.
У большасьці гэтыя байкі-апавяданьні пранікнуты жывой гуморыстыкай, што яшчэ болей ярка выпукляе паасобных тыпаў: пісароў, аканомаў, лёкаяў, хітрых мужычкоў і ганаровых, ліхіх і да сьмяхоты надутых паноў. Нягледзячы на такі гумор, з кожнага слова баечніка выступае на першы плян жудасьць і страхоцьце паншчыны. Ніякая аддаленасьць мінулага, ніякі вясёлы настрой апавядальніка ня можа іх схаваць.
Апавяданьні-казкі аб паншчыне, ня гледзячы на жартаўлівы тон, робяць на чытача куды большае ўражаньне, чымся прыгоньніцкія мінорна-лірычныя песьні, якія застыглі ў сваёй старадаўнай традыцыйнай форме.