Перайсці да зместу

Старонка:Вера, паншчына і воля ў беларускіх народных песьнях і казках (1924).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная


Ня ўзнаеш ты долі
Кроўкай палітое…

Войтам пужалі маленькіх дзетак. Рэальна і вобразна малявалі яго традыцыйны бізун, смак якога татка і мамка добра ведалі. Колькі жудасных, гідкіх сцэн панскага гвалту захаваны ў гэтай калыханцы, зафарбованай крывёю мужыцкай, абмытай іх горкімі сьлязьмі, зложанай са стогнаў душы… Для дзіцяці апрача «божай пасьцелькі» — магілы — ніякага паратунку няма.

Кожны кавалак быту таго часу авекавечваўся ў народнай песьні. Песьня перапляталася ўзорамі рытмаў, аздаблялася дзе-ні-дзе просьценькімі васількамі рыфмаў і разьбою-гравюраю яркіх вобразаў. Такім чынам старонку за старонкай чытаеш, нібы на бяросьце-папірусе напісаную, жудасную хартыю прыгонскага часу. У няволі гадавалася сялянская дзяўчынка. Ад самых малых гадоў прывыкла да працы, да мазалёў, аднак, краса яе расьцьвітала макаў-цьветам. Стан стройны, як яварок, вочкі зьяюць сінімі вогнікамі васількоў; косы русыя па плячох красуюцца і пахнуць, як мёд. Жыцьцё маладое кіпіць у кожным яе руху, шмат асалоды і вабнай радасьці захаваны ў яе грудзёх. Але гэты жывы скарб угледзеў «дваранін», прыкмеціў малады паніч і задумаў стаптаць гэту прыгожую кветку — дзяўчынку-сірату.