Старонка:Васількі (1919).pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

АКТ ПЕРШЫ.

Рэч дзе́ецца ў інтэлігэнтнай мяшчанскай сям‘і. Сьве́тлы пакой чыста прыбраны. У пакоі два вакны ўстаўлены кве́ткамі, На проціле́жнай ад вакон старане́ стаіць ложак, на ім ляжыць хворая. На століку гадзіннік. Хворая сьпіць. Муж уваходзе ў пакой асьцярожна, на пальчыках.

ЗЬЯВА I.
АНДРЭЙ — АГНЕША — СТАРАЯ —
ПАРАСКА (крэпка сьпіць).

АНДРЭЙ.
Ну, дзякуй Богу, сьпіць спакойна,
А каб з гадзіну яшчэ так,
Усё-б лягчэй, чым больш спачнула-б,
І на здароўі быў-бы знак.
СТАРАЯ (прыглядаючыся да хворае).
Ах страшна… зьме́жаныя вочы
Уваліўшысь глыбака у скронь,
Зжаўце́ўшы твар, упаўшы грудзі,
Гане́бна высахша далонь…
АНДРЭЙ (з жалем).
Няшчасьце нас дваіх спаткала —
Няма жыцьця… крыжовы лёс…
(у роспачы)
За што нас, Бог, Ты так караеш,
За што я толькі перанёс?