Старонка:Бяздоннае багацце.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


ручак. Тады ізноў пачыналася лоўля светлага зайчыка. Ганька топала каля сцяны і хватала ручонкамі светлую лапінку, лапінка ўцякала і так бясконца.

... Сколькі ж такіх зайчыкаў лавіў кожны з нас?!.."

«Зайчык» — не толькі дэбют В. Ластоўскага-празаіка, але і адзін з пачаткаў, першавыток беларускай дзіцячай літаратуры XX ст. Маленькаму чытачу пазней будуць прысвечаны асобныя казкі пісьменніка. «Князь Барыс і чорт», «Дзед і ўнук», Певень і гуся", «Вуж куртаты і мужык багаты» і цэлыя чытанкі, складзеныя ім падчас кіраўніцтва Беларускім выдавецкім таварыствам у Вільні (Knižyca dla biełaruskich dzietak dziela nawuki čytannia; Rodnyje Ziarniaty: knižyca dla školnaha čytannia; абедзве Wilnia, 1916).

Рост Власта ішоў шпарка. Нібы казачны Пакацігарошак узрастаў малады літаратар з кожным днём-месяцам. 1 студзеня 1910 года сваім навагоднім нумарам «Наша Ніва» распачала друкаваць ягоную «Кароткую гісторыю Беларусі». Выхадам «Кароткай гісторыі...» Власта беларуская літаратура нашаніўскай пары набыла надзейныя арыенціры, каб упэўнена крочыць у будучыню. Гэтай цвёрдай пэўнасці неставала тады многім, нават свядомым беларусам, гатовым самаахвярна служыць ідэі нацыянальнага адраджэння. Без Вацлава Ластоўскага, без ягонай «Кароткай гісторыі Беларусі» з «40 рысункамі» шмат каму з сучаснікаў давялося б доўга, пакутліва доўга аднаўляць гістарычную памяць.

Наколькі ж сам Ластоўскі жыў гісторыяй, мысліў яе катэгорыямі і валодаў найбагацейшай факталогіяй, сведчыць прызнанне аднаго з сучаснікаў: «Трапіў я ў рэдакцыю „Наша Ніва“. Сталі мы гаварыць аб беларускай справе. Я высказаў фразу: „... але, на жаль, мы, беларусы, маем бедную гісторыю“. Раптам скуль узяўся чалавек лысы, абросшы, няголены, з круглым чалом і, ідучы яшчэ, паднятым голасам стаў гаварыць: „Як, мы не маем гісторыі? Скажыце, калі ласка, хто мае багацейшую гісторыю, чым мы, беларусы?“ і г. д. Зразу ён мне насыпаў так шмат, што перавярнуў усю маю гістарычную веду дагары нагамі, і я павінен быў прызнацца, што гісторыі я не ведаю. Гэта быў В. Ластоўскі».