Старонка:Бяздоннае багацце.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


перш чым на старонках "Нашай Нівы" мільганула публікацыя за подпісам "Власт" - першым вядомым псеўданімам Вацлава Ластоўскага.

Малады сакратар "Нашай Нівы" распачаў уласны артыкул здалёк: "Прошлага месяца верасня бургамістр сталічнага чэскага горад Прагі выдаў адозву да чэскага грамадзянства, у каторай кажа, што праз гэты месяц на чэскія нацыянальныя школы трэба злажыць паўмільёна рублёў. І чэхі зложаць!"

Пачутая вестка-адозва з недалёкай славянскай краіны ўскалыхнула ў душы дзецюка не зайдросныя развагі пра свядомасць мужыка-беларуса, якога "доўгае паднявольнае жыццё" давяло да дзікунства: чалавек пачаў саромецца матчынай мовы. Ад такой ганебнай смяротнай хваробы належыць ратавацца што моцы: "Няхай кожны, у кім дух народу ня згас, чыя душа парвала іржавыя нявольніцкія путы, хто перастаў чуцца прадажным таварам, а пачувае ў сабе дух чалавека - няхай словам і дзелам сведчыць цёмным братом сваім, што і яны такія ж людзі, як і іншыя; няхай нясе сваю бацькоўскую мову ў жыццё, у свет - вучыць лічыць нацыянальную справу справай сваёй. Няхай у кожным кутку Беларусі і на чужыне выйдуць лепшыя сыны бацькаўшчыны нашай - выйдуць падобна працавітаму аратаму, на глебу народную, няхай адвернуць непачатую скібу і сеюць зерне свядомасці нацыянальнай, каб тады, як і ад нас зажадаюць афяры на народнае дзела, людзі аб беларусах маглі сказаць, як мы цяпер кажам аб чэхах: - І яны зложаць!"

Праз месяца паўтара, 19 лістапада 1909 года, "Наша Ніва" надрукавала ягонае апавяданне-абразок "Нарадзіны", а ў наступным, 48-м, нумары апавяданне "Зайчык". Нават не апавяданне, а лірычную замалёўку. Аднак якую настраёвую! Вось яна ад слова да слова, ад першай да апошняй ноты. Выкінь адну - і мелодыя сапсуецца.

"- Лаві, Ганька, хутчэй лаві!.. Вось, вось дзе блізенька ўжо каля цябе зайчык!

Ганька кідалася і ручонкамі прыціскала светлую лапінку сонца, каторая падала з люстэрка.

Старац смяяўся з дзіцячай веры, пахіляў люстэрка, і зайчык, здавалася, ужо злоўлены, уцякаў з-пад Ганьчыных