Старонка:Бяздоннае багацце.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка была вычытаная


цах задуменна грэліся тоўстыя ліні і язі, брохалі серабрыстыя, з залацістым адлівам ляшчы і падлешчыкі, у халоднай крынічнай вадзе ці ў норах пад карчамі стаялі аліўкава-зялёныя ментузы. Доўгімі восеньскімі вечарамі незацугляныя ляснымі верхавінамі вольныя вятры гайдалі бяссонныя азёрныя і рачныя хвалі, а ў хаціне пад чаратоваю страхою патрэсквала лучына, спявала верацяно ці гудзеў калаўрот, і разам з доўгаю кудзеляю цягнуліся бясконцыя казкі азёрнага краю. Ці не ў бацькоўскай хаціне заслухаецца ўпершыню малы Вацік паданнямі пра волатаў, з якіх пачне пазней свой славуты, а цяпер зусім забыты, «Беларускі радавод».

Чары сівой даўніны і адначасова дзівосны чын нараджэння з чорных казюрак-літарак новага цуду — зразумелых (і не зусім) слоў — агарнулі ў маленстве дапытлівага лабатага падлетка. Першую навуку чытаць-складаць хлопчык лёгка адолеў дома, і бацькі аддалі сына ў бліжэйшае мястэчка Пагост. Дакладней, яно называлася Стары Пагост, дзе месціліся належныя ўстановы. У ліку іх значылася парафіяльная школа. Пасля заканчэння парафіяльнай школкі ў 1894 годзе здольны падлетак спрабаваў, па няпэўных звестках, атрымаць адукацыю ў Дзісенскай павятовай вучэльні. Ці скончыў яе, — невядома. Юнацтва Ластоўскага праглядаецца пункцірна і непаслядоўна: хлопчык на паслугах у адной з віленскіх вінных крамак, дзе атрутным смогам вісеў цыгарэтны і спірытусавы чад, у якім плавалі разнамоўныя мацюкі падпітых кліентаў; канцылярыст нейкай казённай установы ў Шаўлях… Але да ўсяго гэтага душа аніяк не гарнулася. Па-ранейшаму вабіла навука. Юнак дапяў да Пецярбургу — найбуйнейшага культурнага асяродка Расійскай імперыі пачатку XX стагоддзя, — дзе ўладкаваўся бібліятэкарам прыватнай студэнцкай бібліятэкі, адначасова крадком зазіраючы ў аўдыторыі універсітэта паслухаць лекцыі славутых прафесараў. Не маючы належнай капейчыны, каб плаціць за універсітэцкую адукацыю, на лекцыі наведваўся «зайцам» (1904—1905). Апошняе выклікана, хутчэй за ўсё, не так цяжкім матэрыяльным становішчам, колькі адсутнасцю належнага дыплома, які даваў права на паступленне ў вышэй-