Старонка:Бяздоннае багацце.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


Народнай Рэспублікі, быў адным з першых дырэктараў Беларускага дзяржаўнага музэя, правадзейным членам Інстытута Беларускай Культуры (1927) і адным з першых акадэмікаў Беларускай акадэміі навук (1928), працаваў яе неадменным сакратаром (1928-1929).

Несправядлівасць учыненага над ім раніць сэрца не толькі фактам нялюдска абарванага жыцця творцы, перад тым выкінутага з роднай зямлі, але і доўгім, несправядліва доўгім замоўчваннем ягонай "веры" - глыбокіх ведаў з гісторыі роднай Беларусі-Крывіі.

Выдатны беларускі пісьменнік, крытык, публіцыст, вучоны Вацлаў Ластоўскі пакінуў не толькі "творы для дарослых" у выглядзе публіцыстычных артыкулаў, навуковых даследаваняў і палітычных заяў-трататаў, але і апавяданні для самых маленькіх. На вялікі жаль, яны, як зрэшты і ўся спадчына В. Ластоўскага, да апошняга часу заставалася малавядомай беларускаму чытачу.

Жыццё даецца Усявышнім, мову нам дорыць маці (ці шырэй - продкі), а ўласны лёс чалавек выбірае сам. Вацлаў Ластоўскі да дна "выпіў келіх жыцця" (Янка Купала), не пахіснуўся і цалкам падзяліў наканаванне, на якое было асуджана пераважная большасць нашай інтэлігенцыі ў трагічныя часы, названыя цяпер "сталіншчынай".

Глухой восенню 1883 года, 27 кастрычніка паводле старога стылю, а паводле новага - 8 лістапада, у засценку Калеснікава, што на Дзісеншчыне, у сям'і Юстына і Ганны Ластоўскіх нарадзіўся сын Вацлаў. Вольнае і трохі галаднаватае маленства падлетка праляцела ў адным з найпрыгажэйшых куткоў Беларусі - на Віцебшчыне. У родным засценку Вацлава ў 1866 годзе стаяла ўсяго адна хата і жыло 14 душ. Паводле веравызнання - усе каталікі. Жылі ў асноўным з раллі. Акром хлеба сям'ю Ластоўскіх падкормлівалі Дзісна-Дзісенка і бліжэйшыя азёры. У азёрных глыбінях, месцамі да 20 метраў, сноўдалі цяжкія самы і зубастыя шчупакі, гуляла порсткая плотка і жвавыя акунькі, у цёплых стары-