Старонка:Бяздоннае багацце.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Гэта старонка не была вычытаная


на захад, а ад Бельска да Пружаны, Картуз-Бярозы і Косава, з поўдня жыве беларускі народ суцэльнай грамадай. [...] Адзін ксёндз на маё пытанне, які тут народ: палякі, украінцы ці беларусы? - адказаў: "У маёй парафіі жывуць толькі мазуры". А гэтыя "мазуры", як я з імі гаварыў, дык інакш як па-беларуску не ўмелі".

Умець бачыць усю краіну з захада на ўсход, кінуць "эпічны" пагляд на яе прастор здольны пісьменнік толькі з шырокім кругаглядам, у якога апроч пачуцця "малой Радзімы" павінна крынічыць адчуванне агульнасці ўсей нацыі. Вось, да прыкладу, пачатак артыкула Ластоўскага "З паездкі на сельскагаспадарчую выстаўку ў Быхаў: "Гэй, Беларусь, шырока ты раскінулася на грудзях зямелькі! Еду сто, дзвесце, трыста вёрст, і ўсё кругом той самы русавалосы сінявокі народ, усё тая самая наша родная беларуская гутарка. Як ліст да ліста, як зернятка да зярняці, так падобны да сябе вёскі, сёлы, мястэчкі і гарады беларускія".

Здольнасць вызначыць не толькі геаграфічныя, але і гістарычныя каардынаты Бацькаўшчыны, разабрацца ў яе складаных, часам трагічных пуцявінах-лабірынтах Ластоўскі-празаік бліскуча прадэманстраваў у яшчэ адной аповесці, напісанай дзесяцігоддзем пазней. Твор гэты павінен быў стаць з'явай, этапным у літаратурным развіцці Беларусі, аднак, прыглушаны больш чым паўстагоддзем маўчання, пакуль належным чынам не ацэнены. Аповесць называецца "Лабірынты". Мяркуючы па перапынку ў публікацыі на старонках часопіса "Крывіч" (1923, N 2, 3, 6), можна зрабіць выснову, што твор і напісаны ў 1923 г. Прынамсі, дапрацоўваўся адначасна з публікацыяй. Гэта самая яркая мастацкая рэч у літаратурнай спадчыне В. Ластоўскага.

Прыгодніцкія здарэнні ў ім пераказваюцца ад аўтарскага імя. "Ад некалькіх гадоў стала ў мяне звычаем выязджаць на тыдзень-два ў які-колечы закутак Беларусі для пазнання роднае старасвеччыны" - так пачатковым сказам акрэсліў Ластоўскі галоўнае захапленне свайго героя. Яно і прыводзіць няўрымслівага шукальніка старасвеччыны ў старажытны Полацак, дзе маладзён знаёміцца з сябрамі так зва-