23. Пакінь бярэмя тваё на Го́спада: Ён цябе забясьпечыць; ня дасьць Ён ніколі, каб пахіснуўся пабожны.
24. Ты-ж, Божа, іх кінеш ў найглыбейшыя ямы; тыя, што хочуць крыві, ды здраднікі паловы сваіх дзён не дажывуць. А я на Цябе спадзяюся!
ПСАЛЬМ 57.
2. Зьмілуйся нада мною, о Божа, зьмілуйся! Бо ў Цябе я шукаю патолі і ў цяню Тваіх крыльляў шукаць буду прыпынку, пакуль ня мінецца загуба.
3. Клічу да Бога Ўсявышняга, да Бога, што справу маю вядзе за мяне.
4. Ён з неба пашле і ўспаможа мяне; Ëн тых асароміць, што хочуць мяне праглынуці; ласку сваю пашлець Бог ды праўду Сваю.
5. Душа мая між львоў; я ляжу сярод тых, што палаюць агнём, сярод людзей, што зубы іх — дзіды і стрэлы, языкі-ж — мячы вострыя.
6. Узьнясіся над неба, о Божа, каб слава Твая па ўсенькай зямлі лунала!
7. Дзеля ног маіх сетку наставілі, прыгнулі яны душу маю,
8. прада мною яму капалі, ды самі ў яе ўваліліся. (Зэля).
9. Сэрца маё гатова, о Божа, маё сэрца гатова пяяці й іграці Табе.
10. Ачуняй, мая слава! Збудзіцеся, гусьлі мае́ і псалтыр! Я разбуджу сьвітаньне!