Перайсці да зместу

Старонка:Белы вянок (1929).pdf/22

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
Жонка паглядзела праз вакно, а пасьля ўваходзіць. Аглядзелася, агонь зьменшыла. Упушчае Гарасіма. Гэстам паказвае, каб ён сеў. Прыкрая і доўгая пауза.

Гарасім. А чые гэта рэчы?
Жонка. Вось табе і на! Пакуль з шынку вярнуўся і забыўся. Падарунак для Аксіньні.
Гарасім. Ага, успомніў! Дрэнныя думкі доўга ў галаве не сядзяць. (Глядзіць на вянок).
Жонка. Ды пакінь ты ўглядацца!
Гарасім. Белыя кветкі, як вочкі маёй дачушкі: гляджу я на гэты вяночак, і бачу яе перад сабой, мне здаецца, што яна зараз зьявіцца перада мной у гэтай вопратцы, і запытаецца, хто я: сумленны чалавек ці забойца?
Жонка. Зусім раскіс… і гарэлка не памагла.
Гарасім. Быццам я ня піў…
Жонка. Ну, здаецца, усё абгаварылі, застаецца зрабіць канец. Чуеш? Сьпіць!
Гарасім. Баба, што ты робіш?.. вусьцішна… сумленны-ж я чалавек.
Жонка. І будзеш.
Гарасім. Баюся! Абудзіцца, наробіць крыку.
Жонка. Ото-ж дурань… (Дае гарэлку). На, выпі і зрабі, што кажу! Ну, пі, табе кажу!
Гарасім. Што са мной?.. (П‘е).
Жонка. Падаткі аддамо, зямля наша, скінеш лахманы. (Дае сякеру).
Гарасім (са страхам). Забіць…
Жонка. А то як-жа… сам казаў — абудзіцца, у астрозе згніеш.
Гарасім. О, не… Згінь ты, прападзі!..
Жонка. Ня бойся! Адзін раз сякерай кіўнеш і лепшая доля перад намі.
Гарасім. Што яна робіць са мной, куды нахіляе?
Жонка. Куды нахіляю? А вось туды (паказвае), бо калі не паслухаеш… сам толькі памятай… табе на дарозе катарга.
Гарасім. Але-ж як гэта можна?