Перайсці да зместу

Старонка:Белы вянок (1929).pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мне, сумна мне; усё гіне, усё валіцца ў бяздоньне. Ты сама, дзіцятка, бачыш наша становішча; зямельку — і тую адбіраюць. (Плача).
Аксіньня. Ня плачце, татачка, ня трэба мне грошы!
Жонка. Табе ня трэба, яму ня трэба, а падаткі плаціць трэба? А ведаеш ты, сабака бяздомны, што нас з зямлі выкідаюць?
Аксіньня. А за што, мама?
Жонка. А за тое, што падаткі ня плацім. Пан шкадаваць ня будзе!
Разносьніца. Пані гаспадыня, аб чым у вас шум?
Жонка. Ды аб тым, што гэты п‘янюга ў дзіцяці грошы ўзяў ды прапіў.
Разносьніца. Толькі ўсяго? І за гэта сварыцца? Кіньце! Хадзі, дзетка, да мяне, я табе дам грошы. (Выпусьціла з рук мяшэчак грошай). А ліханька, з рук валяцца. (Як выпалі ў разносьніцы грошы, маці хітра глянула). Ну, а цяпер будзе ціха. (Аксіньня грошы аддае маці).
Аксіньня. Цётачка, якая вы добрая, дзякую вам!
Разносьніца. Ня трэба, дзеткі, ня трэба! Няхай у вашай хатцы згода будзе! Не магу бачыць сваркі.
Жонка. Вы добра абмяркуйце: у хаце ні хлеба, ні солі, а ён абы капейку — у шынок.
Гарасім. Не разумееш душы чалавека, не разумееш! Ня сам я ў шынок іду, а доля горкая заганяе туды… хата валіцца, падрубы згнілі, зямлі — і тэй няма. Эх, чаму-ж ня ўдарыць гром і не пахавае мяне, гаротнага, тут, на месцы?
Разносьніца. Кіньце сварку, неяк будзе!
Гарасім. Так і будзе. Голас мой не пачуе ніхто, а сьлёз сьвет не пазнае.
Жонка. Ну, годзе ўжо, годзе!.. і так горка ўжо!
Разносьніца (нечага шукае).
Жонка. Чаго шукаеце, страцілі што?
Разносьніца. Аршын дзесь задэчыла, і сама ня ведаю.