Перайсці да зместу

Старонка:Белы вянок (1929).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Жонка. Ах, каб яго ваўкі, ён у нас такі, — спадцішка.
Войт. Ну, а я рвану, каб усе ведалі, будзе ведама табе і твайму сабаку, што войт, а ні абы хто.
Жонка. Паночку, то што-ж будзе?
Войт. Як паклічуць на суд, будзеш ведаць.
Жонка. І адкуль такое насланьнё.
Войт. Ну, годзе. Не за тым я прыехаў, каб сабака за лыткі рваў. Падаткі ёсьць?
Жонка. Няма, паночку!
Войт. І за чацьвёртым разам няма?
Жонка. Адкуль-жа іх узяць? Самі ведаеце.
Войт. А няма падаткаў — з зямлі вон. Пан такіх ня любіць, і мне такія не да спадобы. Я калі зьяўлюся да каго ў хату, сабак не выпушчаюць, а пераймаюць і частуюць.
Жонка. Паночку, пабойцеся бога!
Войт. Ня бога трэба баяцца, а пана; пан — твой бог. Можа прагнаць, можа пакінуць, можа ўзяць падаткі і ня ўзяць. Пан!
Жонка. Усё гэта я ведаю.
Войт. Дзе твой мужык?
Жонка. Ня ведаю. А нашто пану?
Войт. Расьпісацца трэба.

Уваходзіць Гарасім.

Жонка. А вось ён, лёгкі на ўспамін.
Войт. Гэй, ты, чортаў смык, дзе цягаешся?
Гарасім. Ды тут, ля хаты.
Войт. Падаткі калі будуць?
Гарасім. Я ўжо і сам ня ведаю.
Войт. Я ня прыехаў жартаваць; а кажы толкам, калі падаткі будуць?
Гарасім. Хіба ўвосень.
Войт. А што, увосені хлеба намалоціш, шмат насеяў?
Гарасім. Чаму-ж бы не насеяў, але насён ня было. А пры тым, град поле папсуў.