папольску і пабеларуску. З расейскім языком украдзецца ў сэрцы рубяжан і ненавісьць да польскасьці. Можа прыйсьці час, што на грунце палітыкі, стоячы вока ў вока, адчуваць будзем разбежнасьць імкненьняў. Пашкадаванай тут будзе польскасьць і каталіцкасьць. З гэтым аднак не згаджаюцца са мной ані таварышы, ані знаёмыя. Занадта магутнай, кажуць яны, ёсьць наша культура і занадта вялікія ўплывы клеру, каб мог утрываліцца які сэпаратызм. І хто-ж лічыўся-б з некулькімі авантурнікамі! Аднак жа сумна мне, Божа!“ (91—92).
Далей натуе Шыльлер дзіўнае зьявішча, што жывучыя на Беларусі стараверы, хоць паходжаньня вялікарускага, ужывалі на сяле, і пэўна ўжываюць цяпер, беларускай мовы. Відаць гэта з таго, што лазьня ў сераду робіцца на тое, як кажуць яны, „каб чэрці ня цешыліся“, а ў суботу: „каб абмыць грэшнае цела“ (92).
Доўгія зімовыя вечары па дварох на Беларусі запаўняліся галосным супольным чытаньнем кніжак, або — яшчэ часьцей — страшным расказам аб нападах ваўкоў, успамінамі з паўстаньня. Калі раз зайшла гутарка аб павешаных і расстрэленых, сталася здарэньне, каторае падаю тут у апавяданьні Шыльлера: „На маё пытаньне, за што? пан харужы адказаў: — за імкненьні да свабоды. Цётка шапнула яму: „нашто дзіцяці гаварыць аб гэтым?!“ Харужы з абурэньнем сказаў пабеларуску: Калі рабёнак ня будзе знаць, што гэта маскаль, а што паляк, то ніколі ня будзе кахаць роднай замлі. Агулам беларускі язык у штодзеннай гутарцы быў ужываны нароўні з польскім. Служба знала абодва. Слухаючы гутарак на кухні, чуў я сказ: паны зьбяднелі, прагарэлі. Старая кухарка Сафея была тэй думкі, што калі-б паны за картамі не сядзелі і за бабамі не ганялісь, тобы цар іх ня трогаў. Стары Сенька, быўшы лясьнічы, часта сардэчна гаварыў мне: Бедны панічок! што табе асталась? дзед быў багаты. Малісь… Адбярэш зямлю, што Мураўёў забраў!“
„Не адчуваў я ненавісьці ў сялян ані да паноў, ані да Польшчы. Здавалася мне, што яны яшчэ не асвоіліся з скасаваньнем паншчыны і ўсьцяж клоняцца да двара. Усе вакалічныя сяляне радзіліся ў дзядзькі, жылі з ім у найлепшай згодзе, цалавалі яго (і мяне) у рукі і называлі мяне панічок. Забаўляўся я з сялянскімі дзяцьмі, як з прыяцелямі, і гаварыў з імі пабеларуску. .
Маё выабражэньне гадавалі і разьвівалі легенды валдайскія і беларускія. Расказвала мне іх 104 летняя Беларуска Мялюшчыха… Мела яна нязвычайны дар вобразнага апавяданьня прыкладнай беларушчынай. Ад яе так-жа чуў я песьні, каторых ніхто ўжо з жывучага пакаленьня не пяе. Адна з гэтых песьняў-легендаў, з падкладам гістарычным, урэзалася мне ў памяць і дагэтуль распальвае выабражэньне сваей поэтыцкасьцяй, ёмкасьцяй выражэньня і казаўбы прарочай сілай напяцьця“ (92—93).
Даўгаватай гэтай легенды паўтараць тут ня трэба. Даволі сказаць, што дышала яна вайной Рэчыпаспалітай польскай