Шыльлера ў наступных выражэньнях: „Уважаю сябе за Паляка… Аднак часамі, калі паддамся навальніцы ўспамінаў… надыходзяць хвіліны духовага неспакою і сябе пытаю: кім я ёсьць, што люблю, якія мае суб’ектыўныя палітычныя нахілы? —
„Здаецца мне, што я на раздарожжы. Хоць я ўдыхнуў у сябе расчыну культуры польска-лацінскай і чуюся генэтычна зьвязаным з польскай нацыянальнасьцяй, — чую адначасна, што люблю Беларусь, што люблю яе мову. Паходжу з Вітэбшчыны… Магу, знача, што да паходжаньня парафразаваць словы Оржэхоўскага: gente Alboruthenus sum, natione — Polonus! Праўду кажучы, мы ўсе, паўночныя рубежане, гэта самае аб сабе можам сказаць…“ (59).
Далей аўтар у ваднэй з частых дыспут укладае ў вусны сэмінарыста Літоўца Борусаса гэткі зварот адносна Беларусаў: „А хто-ж не гарцаваў па нашым нібы жаўлаковым карку?!.. Ах, скажу вам, што нас заліваў і Беларус! Гэта сьцьверджаная гістарычная праўда! Праз Літоўскі Статут беларускі язык дастаўся ў судоўніцтва, адміністрацыю, загарнуў абшары на захад ад Вільні, а нам пакінуў нейкія павыкрыўляныя граніцы“. —
— „Хто-ж вам вінават? — заўважыў іронічна Марцінкевіч, прототып сэмінарыста беларуса. — Прагарэлі, ня маеце адпорнасьці! Vae victis! — Праўду кажаш! — стукнуўшы кулаком па стале — казаў Солюнас… Бяда нам ня ў тым, што мы пераможаныя, а ў тым, што мы сябе за такіх уважаем. А вось сяньня, як Сымэон, зачынаем аглядаць збаўленьне! І не ў пакорным цалаваньні царскіх папіхачоў, не ў чаканьні бяздзейным, не ў наварочваньні ўсходняй душы, але ў разьвіваньні ў сабе самастойнасьці, самапачуцьця і нацыянальнага духа! Vae victis! Гора вам, варшаўскім слугам! Вы пераможаныя! А мы ўжо перамагаем, бо ў нас жыве бунт. Бунт тварэц!… Ня верце, што будуюць ціхія… Не! Толькі тыя, што ўмеюць стварыць новую зару і жыць яе блескам! Зарой гэтай будзе незалежная Русь і Літва!“ (69—70).
Прабываньне ў прыгожых Бірштанах над Нёманам жыва прыпомніла Альфрэду радзімы край. Праўда, няма ў яго яшчэ перадуманага нацыянальнага пагляду, дык якбы пярэчачы таму, што казаў раней, зрабіўшы гістарычную дыгрэсыю, аб мінуўшчыне Беларусі і аб яе сумным і прыгожым крайабразе, расчуляецца і кажа: … „І цяпер чую сьлёзы ў вачох, бачачы абраз гэны. Хацеўбы вярнуцца да гэнага гнязда, гдзе сэрца жыло з прыродай, а людзі былі добрыя і лагодныя. Нажаль, вярнуцца туды не магу! Двор па сьмерці дзядькі прадалі, бо я, як каталік, спадкаберцам быць не магу. Праваслаўныя спадкаберцы спусьцілі бацькаўшчыну сялянам. Корчыцца маемасьць… Залівае царская авангарда і Паляка і Беларуса!“
„Калі падумаю, што беларускія дзеці, якія са мной гулялі, стопяць сваю гаворку з языком валдайскіх ямшчыков, чую вялікую крыўду, быццам адбірае хто ад мяне права гаварыць