Старонка:Беларускі тэатр.PDF/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жыў у Вільні, вельмі цікавіўся беларускай песьняй і шмат працы аддаў наладжэньню беларускага хору[1], ды народных скокаў пад кіраўніцтвам Ігната Буйніцкага (†1917 г.).

12 лютага саля Жалезна-дарожнага клюбу напоўнілася вялізнай грамадой народу. Тут было чуваць апрача беларускай - літоўскую, польскую, расейскую мову. Усе цікавіліся першай беларускай вечарынай.

Вось як апісвае з захопленьнем гэтую вечарыну тагочасная беларуская газэта "Наша Ніва" (№ 8):

"Дзяўчаты зіхацелі пекнымі андаракамі, гарсэтамі, вышыванымі кашулямі, устужкамі, пацеркамі; на дзявочых галоўках былі пекна павязаны чырвоныя хустачкі, белыя наміткі. Хлопцы бялелі ў магілёўскіх сьвітках, абшытых па краёх чырвоным шнурком і падпяразаны прыгожымі вузкімі і шырокімі беларускімі паясамі; на іншых былі беларускія валеныя шапкі. І паліліся хвалі тонаў песьні прад заціхшай у салі тысячнай грамадой...

Чутно была ў песьні не разгул вялікароса з-пад Волгі, ня бойкую гульню па-

  1. Л. Рагоўскі - композытар музыкі да слоў Купалы "А хто там ідзе" і Беларускай Сюіты.