та гаворачы (п.). А што чорна ня чэрнячы? А што бела ня белячы? Што сіне ня сінячы? Што зялёна не зяленячы? (п.). Плача малоданька ў каморы, белы абрусы мыючы, тонкі кашулькі шыючы (п.). Паволі едучы — далей будзеш. Айцец-мамка плачуць, каля Дуная ходзячы, у Дунаю просячы (п.). Ня разам Вільня збудавана. Ні гадана, ні жадана, а само прышло. Абяцаная шапка на вушы ня лезе. Прышоў нязваны — ідзі нягнаны. Сьляпому вочы завязаны. Чужая старана тугаю арана, сьлёзкамі засявана. Ляжачага ня б’юць, а безбароннага не сякуць. Скрыпучае дзерава доўга стаіць. Летась пасаджона, сёлета ўзрашчона. Пад ляжачы камень і вада не цячэ. Нявучан, дык правучан.
Правіла 43. Дзеясловы І-га спражэньня ў 3-й асобе множнага ліку цяперашняга і будучага часу маюць канчатак — юць—уць: ідуць, пішуць, капаюць; а дзеясловы ІІ-га спражэньня — аць—яць: крычаць, гавораць, гамоняць (бач. прав. 42 А, 3).
ЗАДАЧКА 32-ая. Заместа рысак паставіць у—ю або а—я.
Перад невадам рыбы ня лов—ць. Галоднаму асьцюкі ня кол—цца. Лепей сьмяяцца, як плак—ць. За пастой ня плац—ць, а дорага бяруць. Здраду прыма—ць, а здрадніка веша—ць. З песьні слова не выкіда—ць. І корм—ць, і пояць, і вочы кол—ць. І смал—ць, і агнём пал—ць. Клін клінам выганя—ць. Калі паны ліку—ць, тады мужыкі гару—ць. Лета на зіму, а зіма на вясну працу—ць. Ня ўсе птушкі лята—ць. Не тады сабак корм—ць, як на ўловы ех—ць. Паны балю—ць, а наш брат гар—е. Пра адны дрожджы не гавор—ць трожды. Прочкі ходз—ць без сарочкі. Саломеным валом не араць, а сенным канём не ваяв—ць. З незабітага ліса шубы ня шы—ць.
Правіла 44. 1) Дзеясловы І-га спражэньня ў 2-ой асобе адзіночнага ліку цяперашняга і будучага часу маюць канчатак — еш, а пасьля зацьвярдзелага зычнага — аш: ты чытаеш, ведаеш, кажаш-пішаш.