Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Увага. Дзеясловы: бі-ць, ві-ць, лі-ць, пі-ць, жы-ць, кры-ць, мы-ць, ры-ць, шы-ць — І-га спражэньня, бо тут і—ы ў корані, а не ў канчатку.

б) — ець—эць, калі галосныя гукі е альбо э ў цяперашнім часе выпадаюць: глядз-ець, гар-эць — глядзіш, гарыш — глядзіць, гарыць — глядзім, гарым — глядзіце, гарыце — глядзяць, гараць і г. д.

Увага. Калі гукі е ці э ў цяперашнім часе не выпадаюць, то дзеясловы будуць І-га спражэньня: бял-ець, гр-эць — бялееш, грэеш — бялее, грэе — бялеем, грэем — бялееце, грэеце — бялеюць, грэюць і г. д.

в) — яць—аць, прычым канчатак — аць з папярэднім зычным: 1) альбо зацьвярдзелым, каторы ў цяперашнім часе не чаргуецца з другім: ста-яць, ляж-аць — стаіш, ляжыш — стаіць, ляжыць — стаім, ляжым — стаіце, ляжыце — стаяць, ляжаць; 2) альбо іншым зычным, пасьля каторага галосны гук а выпадае: гн-аць, лам-аць — гоніш, ломіш — гоніць, ломіць — гонім, ломім — гоніце, ломіце — гоняць, ломяць і г. д.

Увага. 1) Дзеясловы: каз-аць, піс-аць, тапт-аць — кажаш, пішаш, топчаш — кажа, піша, топча — кажам, пішам, топчам — кажаце, пішаце, топчаце — кажуць, пішуць, топчуць — І-га спражэньня, бо зычны гук перад а чаргуецца з другім: з—ж, с—ш, т—ч.

2) Дзеясловы: веш-аць, пазір-аць, даган-яць і падобныя І-га спражэньня, бо а не выпадае: вешаеш, пазіраеш, даганяеш — вешае, пазірае, даганяе — вешаем, пазіраем, даганяем — вешаеце, пазіраеце, даганяеце — вешаюць, пазіраюць, даганяюць і г. д.


Б) Дзеяслоўныя прыметы і прыслоўі.

1) Дзеяслоўныя прыметы, падобна прыметнікам, адказваюць на пытаньне які? ды зьмяняюцца ў родах, ліках і склонах.

а) Даўнейшыя формы дзеяслоўных прымет цяперашняга часу на — учы—ючы, ачы—ячы, мы (скрыпучы, гаючы; гарачы, стаячы; знаёмы, вядомы) у сучаснай мове не выражаюць ужо дзеяслоўнай формы — часу ды абярнуліся або ў звычайныя прыметнікі, як: добры, харошы, рагавы, дзеравяны, або ў дзеяпрыслоўі, як: гукаючы, чытаючы, гукаўшы, чытаўшы.

б) У сучаснай мове дзеяслоўныя прыметы прошлага часу канчаюцца на ны, ты: зроблены, замкнёны, разьбіты, памыты, падраны, умыты, забіты, утомлены, і на лы (ад дзеяслоўнай формы прошлага часу): пасівелы, парыжэлы, састарэлы, прамінулы (заместа даўнейшых форм: „пасівеўшы“, „парыжэўшы“, „састарэўшы“, „прамінуўшы“).