Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1) Родны і давальны склон мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: ага—яга, аму—яму: добрага чалавека, новага акна; раньняга часу, сіняга неба; добраму чалавеку, новаму акну; раньняму часу, сіняму небу; (Бач. прав. 33).

2) Родны, давальны, творны і месны склон жаночага роду адзіночнага ліку маюць канчаткі: ае (ай)—яе (яй), ай—яй, аю (ай)—яю (яй): новае або новай хаты; сіняе або сіняй паперы; новай хаце, на новай хаце; к сіняй паперы, на сіняй паперы; новаю або новай хатаю, сіняю або сіняй папераю. (Бач. прав. 33 і 35).

Практыкаваньне 47. Аднаго хіба птушынага малака няма. Каля суседняга сяла было вялікае возера. Добрага сабаку на прывязі трымаюць. Лішняй капейкі ні ў кога няма. У сіняй далі слаўся туман. Сьціхлі песьні зімняй буры. Толькі дзе-ні-дзе жаўцее палоска позьняга аўсу ці ячменю. З поўначы цёмнае, з сіверу дальняга нудная восень прышла. Уляцела ластаўка ў гумно даведацца свайго даўнейшага леташняга доміка. Хто піў салодкае, той горкаму ня рад. К сіняму небу драбін не падставіш. Бяззубаму кепска. К добраму чалавеку можна ісьці на параду. Цякла крынічка чыстае халоднае вады. Рад любавацца я кветкай убогай. Плачуць думкі па вясьне, хочуць лепшай долі. Шкода хаткі мне старэнькай з латанай страхою, што над Нёмнам пахілілась горкай сіратою. (Я. Кол.). Прывет з далёкай стараны нам радасна нясуць яны. Шчыраю рукою ўбрала лета ўвесь сьвет. На бітай дарозе трава не расьце. Сам Алесь васьмігадовы, як ліст, скалануўся, бо ў бацькавай прамове страх яму пачуўся. (Я. Кол.). Край неба блішчыць шырокаю чырвонаю стужкаю. Крыкі знаёмыя, крыкі пявучыя льлюцца вячэрняй парой. Раньняю вясною мы выехалі з гораду. Цячэ рэчка невялічка з вішнёвага саду.

ІІ. Прыметнікі памяншальныя і ласкальныя.

Правіла 37. 1) Прыметнікі памяншальныя і ласкальныя канчаюцця на енькі, дзе е, як пасьля націску ў аснове (бач. прав. 14): сіненькі, тоненькі, новенькі, як — маленькі.