3. Вінавальны склон адзіночн. ліку жаночага роду.
Правіла 34. Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў вінавальным склоне канчаюцца на ую—юю: бачу вялікую кнігу, добрую жанчыну, раньнюю зорку, сінюю паперу.
Практыкаваньне 45. Люблю я летнюю месячную ноч. У летнюю ноч вячэрняя зара з ранічнай сходзіцца. Многа работы залатому сонейку ў раньнюю вясну. Родную песьню ціха сьпявае сын Беларусі — мужык. Волю далёкую мне ўспамінаюць дні маладыя вясны. Маці ў службу выпраўляе родную дзяціну ды украдкам выцірае горкую сьлязіну. Заглядае сонца ўсюды: і ў бедную сялянскую хату, і на пяшчаную горку, і ў малую лагчынку, і ў лес, і на луг, і на поле. Сей у раньнюю вясну, але ня зьбірай у позьнюю восень. Дзяўчына купіла шырокую стужку. Прыемна глядзець на зялёную ніву. Цяжка ехаць у зімнюю буру.
4. Творны і месны склон.
Правіла 35. 1. Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку ў творным і месным склоне маюць канчаткі — ым—ім: новым пяром, новым сталом; на новым стале, на новым пяры; сінім колерам, на сінім колеры; сінім небам, на сінім небе.
2. а) Прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку ў творным склоне канчаюцца на — аю (ай)—яю (яй): босаю або босай нагою; новаю або новай кнігаю; сіняю або сіняй папераю; раньняю або раньняй вясною; а калі націск на канчатку, то будзе — ою (ой): дурною або дурной галавою.
б) У месным склоне прыметнікі жаночага роду адзіночнага ліку канчаюцца на — ай—яй, калі няма націску на канчатку: на босай назе, на новай хаце; на сіняй паперы, аб раньняй вясьне; а калі націск на канчатку, то будзе — ой: у дурной галаве, на старой хаце.
Практыкаваньне 46. Пустыя адзінокія могілкі прытуліліся на пяшчаным узгорку. На шырокім і доўгім панадворку было весела і крыкліва. Ляцелі гусі з Беленькае Русі, селі яны, палі на ціхім Дунаі. Не