Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/60

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

міла, таго і другому ня зыч. Мой брат здольны, але не старанны. У хаце было неахайна. Недасол на стале, а перасол на сьпіне. Чоран воран, да ня птух; хоць з крыльлямі, да ня сокал; шэсьць ног мае, зямлю капае (жук). Нявесела выглядае надвор’е ўвосень. Наш дзед стаў недамагаць. Нудна і няпрытульна навокала. Бела мыецца, да ня чыста ходзіць. Вясна не мясна, а восень не малочна. Вачом завідна, да жывату не пажытачна. Дзе недагляд, там наклад. Гэта не пярэліўкі. І мала, і ня ўдала. Грозен, да ня боязен. Госьць, як нявольнік. Гулі не аднаго ў лапці абулі. Лецейка ня ўлежна, дык уежна. На табе, нябожа, што мне ня гожа. Нябітаму няма чаго плакаць.

Правіла 23. Адмоўе ні пішацца то асобна, то зьлітна.

А. Асобна ні пішацца:

1) Калі выражаецца поўная адмоўнасьць, напр.: ні разу, ні гугу; ні грозьбаю, ні просьбаю; ні вала, ні кала.

У такіх разох часта, замест ні кажуць ані: Ані вухнуў, ані рухнуў. Ані вухам не вядзе. Аніяк няма спосабу.

2) Калі ні можна замяніць злучнікам і, напр.: Ня ўмее ні чытаць, ні пісаць=Ня ўмее і чытаць, і пісаць.

3) Калі ні ўжываецца для памацненьня выказьніка ці акалічнасьці; тады сказ пачынаецца словамі: як, куды, каго, адкуль, напр.: Як ні круці, а давядзецца ўмярці. Куды ні кінь — усюды клін. Каго ні спытай — ўсе маўчаць.

У такіх разох ні мае станоўны сэнс, а не адмоўны: як ні=усяляк, куды ні=усюды, каго ні=усіх, хто ні=усякі, дзе ні=усюды, калі ні=заўсёды.

4) Калі ў сказе некалькі адмоўяў, то пры асабовым дзеяслове пішацца не (ня), а пры другіх словах ні, напр.: Ні панюхаць не далі. Ні расінкі ня было ў роце. Ні да якой работы няма ахвоты.

Б. Адмоўе ні пішацца зьлітна:

1) з адмоўнымі займеньнікамі: ніхто, нішто, нічый, ніякі, ніводзін.

2) з адмоўнымі прыслоўямі: ніколі, нідзе, нікуды, ніяк, ніадкуль, ніколькі.