Выканаўчы Камітэт. Толькі Ўсебеларускаму Зьезду Саветаў і Цэнтральнаму Выканаўчаму Камітэту належыць права выданьня законаў, якія зьяўляюцца абавязковымі для ўсіх грамадзян Беларусі. Нагляд за выпаўненьнем законаў і тлумачэньне іх робіцца паасобнымі камісарыятамі: Народным Камісарыятам Унутраных Спраў, Народным Камісарыятам Зямляробства, Камісарыятам Асьветы і іншымі. Кіраўнікі народных камісарыятаў — народныя камісары — злучаюцца ў Раду, альбо Савет Народных Камісараў, які наглядае за выпаўненьнем законаў усёй рэспублікі і разьвязвае ўсе больш важныя справы, якія перадаюцца яму Цэнтральным Выканаўчым Камітэтам.
Беларуская Савецкая Соцыялістычная Рэспубліка знаходзіцца ў братэрскіх зносінах з другімі такімі-ж Савецкімі рэспублікамі — Расіяй, Украінай і інш. — і разам з імі ўтварае Саюз Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік. Галоўным горадам Саюзу Савецкіх Соцыялістычных Рэспублік зьяўляецца Масква, а Беларускай Савецкай Соцыялістычнай Рэспублікі — Менск.