ў адзін бок, то яна абойдзе навокал і прыдзе ізноў на тое месца, толькі з адваротнага боку. Гэтак і людзі аб’яжджалі навокал зямлі, варочаліся назад, а канца нідзе не знаходзілі, бо няма канца ў галы, якою ёсьць наша зямля.
На зямлі ёсьць суша, на каторай стаяць будынкі, растуць дрэвы, засяваюцца нівы, пасецца статак і інш. Пасьля, на зямлі ёсьць вада, каторая напаўняе ўглыбленьні ў сушы. Напоўніць вада ўглыбленьне ў сушы — і выйдзе возера або мора, калі ўглыбленьне вельмі вялікае. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі, і тады гэта вада называецца рэчкаю. Ёсьць вада і пад зямлёю, і калі яна сама прабіваецца наверх, то называецца тады крыніцаю. Часам дастаюць людзі ваду з-пад зямлі, капаючы калодзежы.
Апроч сушы і вады, на зямлі ёсьць яшчэ паветра. Паветра мы ня бачым, але яно абкружае нас з усіх бакоў. Калі мы пабяжым, паветра ўдарае нам у твар, і тады мы яго чуем. Калі падае паперынка, паветра падтрымлівае яе і не дае хутка зваліцца на зямлю.
На зямлі жыве многа ўсякіх стварэньняў, і растуць розныя расьліны. Адны стварэньні кормяцца расьлінамі, другія — мясам слабейшых стварэньняў. Чалавек есьць і мяса, і расьліны, хоць бяз мяса мог-бы жыць.
11. Камень.
Такіх прыгожых месц, якім быў гэты кусок, рэдка дзе можна знайсьці. Прынамсі, так думаў доўганосы бусел, каторы меў тут, на старадроўні, пышны палац. А бусел усё-ж такі трэцца па сьвеце, і на яго словы можна мець увагу.
Шумлівая рэчка, цёмны лес, поле, луг і гурт старасьвецкіх дубоў, дзе асталяваўся бусел з сям’ёй, выглядалі весела, а падчас і шчасьліва, і гэтым самым як-бы падцьвярджалі, што тут і сапраўды ня кепска. Але бывалі і такія выпадкі, што ўсе тутэйшыя жыхары крыху сумавалі, крыху гаравалі, — бяз гэтага не абыходзіцца ў жыцьці. І хто ведае, быць можа, чым часьцей даведваюцца да нас нягоды, тым глыбей па-