§ 1. Вялікія літары.
Правіла 1. Пісаць пачынаюць з вялікай літары. З вялікай літары пішуць і пасьля пункту. Апроч таго, з вялікай літары пішуцца іменьні людзей, іх прозьвішчы, назовы вёсак, сёл, гарадоў, мястэчак, рэчак, гор, краін, мясцовасьцяй, сьвят і інш. (Адам, Ксяневіч, Шчорсы, Нёман, Пажарніцы, Украіна, Купальле, Першае Мая).
- Увага. У пісьмах (лістох) з вялікай літары пішуцца такія словы, як Вы, Вас, Ягомасьць, Імасьць і іншыя словы, што замяняюць імя тае асобы, да каторай пішуць пісьмо.
- Таксама з вялікай літары пішуцца назвы звычайных прадметаў, калі яны бываюць дзеячамі ў байках і падобных творах, напр.: Дуб і Чароціна, Сьвіньня і Салавей, Воўк і Авечка.
Практыкаваньне 1. У нашае Касі прыгожая сукенка. Каля Навасёлак цячэ рэчка Шчара. У мястэчку Берасьцечку каманда стаяла. Працоўны люд сьвяткуе Першае Мая. Не адзін Гаўрылка, што ў Полацку. У Марылі сшыткі заўсёды чыстыя. Кепска, пане Грыгоры: што далей, то горай. Язык Кіева дапытае. Менск стаіць на рэчцы Сьвіслачы. Навагрудзкі і Ашмянскі паветы сумежныя паміж сабою. Дняпро цячэ ў Чорнае мора. У Вільні засталося шмат старасьветчыны. Каля Вільні ідуць Панарскія горы. Беларусь ляжыць пасярэдзіне Эўропы. Наша старонка называецца Беларускаю Савецкаю Соцыялістычнаю Рэспублікаю. Вітайце дзень Першага Мая!
Практыкаваньне 2. Выпісаць спачатку прыклады з іменьнямі людзей, потым — з назовамі гарадоў, а нарэсьце — з назовамі рэчак і сёл.
Маленькі Грышка ўмее чытаць. У Касі чырвоная сукенка. У сяле Шчорсах таргуюць збожжам. Аўдзей