8. Мурашкі і іх будова.
І
Скажэце, дзеці, хто з вас ня бачыў круглых кучак, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Хто з васне разграбаў гэтых куч, зусім ня думаючы пра тое, якую трывогу падымаеце вы тым тысячам жывёлінак, што зрабілі сабе прыпынак, нанасілі гэтыя кучы? Хто з вас, гуляючы, не ўзьбягаў на гэтыя круглыя горкі, каб толькі пацешыць сябе? Гэтыя горкі насыпаў ніхто іншы, як маленькія, вечна занятыя працай мурашкі. Разварочваючы мурашнік, вы і не падумалі нават, якую бяду прычыняеце вы мурашкам; ніколі ня прыходзіла вам ў галаву бліжэй разглядзець мурашнік, пабачыць, як хітра і замыславата ён зроблен. І каб вы ўсё гэта разглядзелі, як мае быць, то вы падзівіліся-б здольнасьці мурашак рабіць хітрыя хаты.
Мурашнікі сустракаюцца найбольш па краёх лесу і насыпаюцца ў тым месцы, дзе сьвеціць сонца. Месцы для будовы мурашкі выбіраюць сухія і наносяць свае кучы каля хвой, ялін, бярэзін, часта каля пня. Мурашнік робіцца так, што дае прыпынак і схованку мурашкам і ад сьцюжы, і ад сьпякоты, і ад дажджу. Раскапайце на цікавасьць мурашнік пасьля самага вялікага дажджу, і вы ўбачыце, што ён прамок на паўпальца, ня болей, а ў сярядзіне ён зусім сухі.
ІІ
Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць, што тысячы мурашак поўзаюць, бегаюць, круцяцца, кішаць на версе бяз усякага парадку: тая цягне сухую хваёвую калючку, другая — саломку сухога лістка; там дзьве або тры валакуць невялічкі сучок. Цярпліва цікуючы за работаю мурашак, можна замеціць, што ўходныя дзьверцы мурашніка мяняюцца з часу на час. Сярод дня мурашкі слабодна сустракаюцца ў гэтых дзьверцах і разьмінаюцца нават з сваёю ношаю. Пад вечар гэтыя дзьверцы памаленьку звужаюцца і ў канцы