Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

6. Клічнік і пытальнік.

Пытальнік ставіцца:

Пасьля простага пытаньня ў пытальным сказе (§ 23), пасьля ўскоснага пытаньня ў тым выпадку, калі перад ускосным пытаньнем стаіць двукроп’е (Скажы мне, дубе: чаму ты ня гнешся перад бураю? Скажы мне, дубе: адкуль твая сіла? Скажы мне, браце: чаму я такая слабая?).

Увага. Некаторыя дапаўняльныя сказы прымаюць форму пытальных; гэтая форма называецца ўскосным пытаньнем, прычым, пытальнік ставіцца толькі ў тым выпадку, калі перад ускосным пытаньнем стаіць двукроп’е; калі-ж будзе стаяць коска, то пытальнік ня ставіцца (Я ня мог зразумець, чаму сухое лісьце не загарэлася).

Клічнік ставіцца:

Пасьля клічнага сказу (§ 23), пасьля зваротка (§ 26), пасьля выклічніка (§ 27).

Клічнік і пытальнік пры пэўнай пабудове сказу могуць мець значэньне пункта, пункта з коскай і коскі.


7. Трохкроп’е.

Трохкроп’е, або шматкроп’е, ставіцца:

Пры недаказе або перарыве мовы (§ 30, § 34, 2), пры выражэньні моцнага пачуцьця (Тхор!.. тхор!.. дзяржы яго!.. дзяржы псяюху!.. Эх, ды і тхор-жа!.. Восьць, аж зьзяе!.. Я. Кол.).


8. Кропка з коскай.

Кропка з коскай, або пункт з коскай ставіцца:

Паміж сузалежнымі сказамі (§ 31), паміж аднароднымі членамі ў зьлітым сказе для больш выразнага чытаньня, асабліва тады, калі яго члены значна пашыраны (Падарожны расказаў людзям аб працы і вялікіх турботах ім перанесеных; аб вышыні тых гор, якія ён бачыў; аб глебе ў тых краёх, надзвычайна ўрадлівай; пра зьвяроў і птушак, невядомых у нашым краі; пра людзей з непадобнай, інакшаю гаворкай), паміж злучанымі сказамі (§ 30), у кругасказах (§ 35).


9. Пункт (кропка).

Пунктам аддзяляюцца адзін ад другога такія простыя і сустаўныя (складаныя) сказы, што замыкаюць у сабе думку пэўную, зусім закончаную. (Гарачы дзень. На полі душна. Прыціх той ветрык непаслушны, як-бы сваім аддаўся марам. Зацішак поля дыша варам і гоніць з твару поту рагі, і сохнуць губы ад тэй смагі. А жнейкі жнуць. У моры збожжа мільгае постаць іх прыгожа. Я. Кол.).