4) Адно дзеяпрыслоўе, калі стаіць у пачатку або ў сярэдзіне сказу, таксама аддзяляецца коскаю (Пад дуб, рохкаючы, падбегла лапавухая сьвіньня. У хворага пытаюць, а здароваму, ня пытаўшы, даюць. Воўк, не выбіраючы, душыць авечкі. Сядзеўшы, нічога ня высядзіш).
5) Але калі адно дзеяпрыслоўе (без паясьняльных слоў) стане ў канцы сказу, то коскаю не аддзяляецца, напр.: Ой пайду я гукаючы. Ён пайшоў не разьвітаўшыся.
6) Адасобленыя часьціны сказу, выражаныя дапаўненьнямі з прыназоўнікамі, разам з залежнымі ад іх словамі ці без залежных слоў, аддзяляюцца коскамі, напр.: Тоўсты мужчына, бяз шубы і шапкі, хадзіў па тротуары. Мы, пад уплывам вашых слоў, адмовіліся ад падарожжа ў горы.
Практыкаваньне 12. Сьпісаць ды адасобленыя часьціны сказу падчыркнуць.
Тоўстыя, аброслыя мохам старыя хвоі гарэлі, як сьвечкі. Хто з вас ня бачыў круглых кучак мурашніку, падобных да горкі зямлі, насыпанай наўмысьля з жоўценькага пясочку? Як толькі праходзілі гэтыя, няведама адкудь нахлынутыя, думкі, Тадора зноў бралася за сваю работу. Цякла тут з лесу невялічка, травой зарослая крынічка, абодва берагі каторай лазьняк, алешнік абступалі. Густой апрануты ліствой, штось шэпчуць вербы між сабой. На лёдзе паказаліся палонкі, прагрэтыя сонцам. Шмат вады цячэ па рытвах, прамытых у зямлі. Шмат вады цячэ па прамытых у зямлі рытвах. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам, лясьнік загадаў зрабіць аблаву. Зірнуўшы на мурашнік, можна падумаць што мурашкі бегаюць, поўзаюць, кішаць бяз ніякага парадку. Гальлё спусьціўшы над парканам, расла тут грушка з тонкім станам, а каля хаты у садочку, схіліўшысь ціхенька ў куточку, стаялі вербы дзьве старыя. Даганяючы, не нацалуешся. Зваліўшыся з высакосьці, часам паломіш сабе косьці. Ня шукаючы, ня знойдзеш. Апусьціўшы нізка стройны валасок, ные сірацінка, плача каласок. Вышаўшы з душнае школы на прывольле, на прастор, дзеці весела бегалі, кры-