Высока падняў да зьнізу не падмураваў. За маё жыта ды мяне-ж пабіта. Збожжа сушаць на сонцы ці на печы ды мелюць у жорнах ці ў мліне. Доўг не раве а спаць не дае. Сонца даўно ўжо зьвярнула з поўдню але сьвеціць яшчэ горача. Не бяда, што чорна абы была праворна. З гліны робяць такія рэчы цэглу гаршкі міскі і талеркі. Астаюцца зімаваць у нас гэткія птушкі вароны галкі вераб’і дзятлы ды яшчэ колькі лясных птушак. На восень прыпадаюць такія месяцы жнівень верасень і лістапад. Шмат якія зьвяры ў самы халодны час засыпаюць як напрыклад касматы мядзьведзь і вожык. Гаварылі браты аб усім аб горкай сваёй долі аб праўдзе аб жыцьці. За сталом сядзела ўся сям’я з краю — бацька каля яго — матка а пры маці — Наста з братам. Ляцяць птушкі ў вырай розна неаднолькава жураўлі — ключамі гусі — наўскось радком качкі — папярочнымі роўнымі радамі а шпакі і салаўі — чародкамі. Па дарозе пападаліся ўсялякія грыбы казьлякі асавікі лісіцы сыраежкі і іншыя. Зайцы бываюць двух сартоў шаракі і белякі.
§ 30. Знакі прыпынку ў складана-злучаным сказе.
Правіла 9. Злучаныя сказы аддзяляюцца адзін ад другога коскаю, кропкаю з коскай, двукроп’ем, а часам працяжнікам ці трохкроп’ем.
1) Коска ставіцца перад злучнікамі і, а, або, ці, але, толькі і інш. (Пачынаецца парадак, і ўсе прымаюцца за работу. Пачарнеў на полі сьнег, і на ўзгорках сталі паказвацца чорныя лапінкі. Спачатку гром грымеў, а потым дождж пайшоў. Або пан, або прапаў. Ці паплачаш, ці паскачаш. Сонца яшчэ ня ўзыходзіла, але ўжо павеяла халадком. Уся сямейка сьпіць ды спачывае, толькі матка з вераценцам прытулілась к печы ды прадзе кудзельку).
2) Коска ставіцца паміж злучанымі сказамі і ў тым выпадку, калі граматычнай сувязі (злучнікаў) няма, а сказы мала разьвітыя і цесна зьвязаны паміж сабою сэнсам. (Прыгрэла сонейка, згінуў сьнег, асушылі вятры зямельку. Сонца шчыра разьлівала блеск гарачы і цяпло, поле жыцьцем трапятала, усё сьпявала і цьвіло).