§ 29. Знакі прыпынку ў зьлітым сказе.
І. Коска.
Правіла 7. 1) Калі падобныя члены зьлітага сказу ня зьвязаны ніякімі злучнікамі, то аддзяляюцца коскамі, за выключэньнем апошняга члена, пасьля якога коска ня ставіцца; напр.: Кругом круціць завіруха, гуляе, шуміць. Восень халодная, чорная, хмурная сунецца ціха, нячутна штодня.
2) Але коска ня ставіцца, калі два падобныя члены зьвязваюцца злучнікам і альбо злучнікамі ды, да, або, ці, якія таксама можна замяніць злучнікам і; напр.: Перад ім цьвілі і пахлі лугі і нівы залатыя. Сонца высока стаіць на небе ды (=і) бяз жалю паліць землю. Прыляцела ластаўка з далёкага выраю ды (=і) зашчабятала. Жыў сабе дзед да (=і) баба. Жыта жнуць, вяжуць, сушаць, звозяць у гумны або (=і) складаюць у копы. Жыта сушаць на сонцы ці (=і) дома на печы ды (=і) мелюць у жорнах або (=і) ў мліне.
3) Коска ставіцца, калі аднакія члены зьвязаны злучнікамі: а, але, ды (=але), да (=але); напр.: Саха і барана самі не багаты, а ўвесь сьвет кормяць. Паехаў баранаваць, але да поля не даехаў. Жыта злажылі, ды (=але) не надоўга. Шырокі двор, да (=але) невялікі збор.
4) Таксама ставіцца коска, калі злучнікі паўтараюцца, напр.: Будуць ветры за вугламі выць і плакаць, і стагнаць. У раньнюю вясну ні ў полі, ні ў лесе няма ні ягад, ні кветак, ні грыбоў. Ні цьмы тэй, ні сьнегавай плесені. То лясок, то луг, то поле, то лужок зялёны.
5) Калі другі выказьнік у зьлітым сказе выражае пазьнейшае дзеяньне або вынік з першага, то ставяць коску нават перад адным злучнікам і; напр.: З захаду насунулася цёмная хмара, ды закрыла ад людзей гарачае сонца. Ідзе жняя, і весела пяе. Я быў хворы, і ня мог прысьці на лекцыі.
- Увага 1-ая. Трэба адрозьніваць злучнік і ў зьлітым сказе ад злучніка і, якім пачынаецца новы сказ з сваім асобным дзейнікам; тады перад і ставіцца коска. (Сонца прыгрэе, і сьнег растае. Хутка расьце жыта, і цешыцца сэрца працавітага гаспадара).
- Увага 2-ая. Злучнік „і“ можа быць памацняльным словам, напр.: Вот і ўсё. Вот і добра. І туз часам ваду возіць.
- У такіх разох злучнік „і“ часта мае значэньне прыслоўя „нават“, „таксама“, напр.: Няўжо-ж ты і (=нават) гэтага ня ведаеш? Прышло і (=таксама) лета.