пакутніка-бедака, горкімі сьлязьмі, нясуцешным жалем няшчаснае мацеры над магілай свайго дзіцяці, ціхаю скаргай долі чалавечай! Аб чым-жа ты плачаш, слабодны ветру? Цесна табе тут? Мала прастору тваім шырокім крыльлям?!
Борзда насыпаюцца гурбы — сьнегавыя курганы. Гіне дарога, усё зьліваецца ў адну белую пялёнку. Страх нападае на падарожнага, якога захопіць бура ў дарозе.
20. Навальніца.
Вецер угаманіўся ды сьціхнуў зусім. Сонца высока стаіць на небе ды бяз жалю паліць зямлю. К поўдню сталі паказвацца вадзяністыя, з цемнаватымі сярэдзінамі, хмаркі. Сонца пачынае бродзіць па гэтых хмарках, і цень невялічкімі лапінкамі паціху поўзае па зямлі паводле таго, як ідзе сама хмарка ў небе.
З аднаго боку неба пачынае чуць-чуць цямнець. У тым месцы, дзе неба быццам стыкаецца з зямлёю, падымаецца хмара — чорная, страшная. Уперадзе, як горы, ідуць клубкамі, з чарнаватымі краямі, асобныя хмары. Яны расьцілаліся па небе, як дым, ды як-бы цягнулі за сабою чорную, густую, гладкую сьцяну.
Ціха, важна, спакойна, густа і страшна пракаціўся ў небе першы гром. Далёка над лесам бліснула маланка — яркая, борздая — ды накрыж перасекла хмару. Маланка часьцей ды ярчэй барануе неба, часьцей грыміць гром, і падыходзяць бліжэй і бліжэй хмары. Ціха зрабілася ўсюды.
Людзі, як мурашкі, забегалі па лузе, складаючы на скорую руку сена ў копы. У вадзін мамэнт тысячы коп сена вырасьлі на грудох. А лісьцік на дрэве, травінка пад кусьцікам, каласок у полі ані скалыхнуцца. Здаецца, увесь сьвет перастаў нават сапці. Птушкі змоўклі, конікі перасталі цьвіркаць у траве. Усё як-бы чакае чагосьці страшнага. На сэрцы і боязна, і неяк весела разам. А хмара ўсё чарнее. Кругом пацямнела, як-бы падыходзіў вечар. Гром гудзе ды гудзе бесьперастанку. Павеяў вецер ды пагнаў перад сабою пыл