Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вольхі, рабіны, асіны з бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
„Хутка надыдуць завеі з марозамі,
Ветры з сьнягамі ізноў налядяць“

Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечна-зялёны свой кажуць убор;
Днямі зімовымі цёмна-імглістыя
Будуць чарнець навакол наузгор.

Зіму пачуўшы, мядзьведзь непакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог;
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скаціну, на людзі налёг.

Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца:
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць;
Хэўра за хэўрай на рэчцы зьмяняецца;
Зранку крычаць, на вадзе лапацяць.

А. Гарун.

|}


16. Мурашкі.

Абсохла зямля. Дзе-ні-дзе стала паказвацца зялёная травіца. На прыгорку, у лесе, весела гойдае сіняю галавою першая веснавая кветка — сон. У яго касматай галоўцы ўжо поўзае пчолка ды цалуе яго сінія лісточкі.

Усё варушыцца, прачынаецца ад зімовага сну і холаду, усё хоча глянуць на высокае сонца, што так шчыра аблівае сваім цяплом яшчэ мокрую зямлю. Сагрэла сонейка і мурашнік, каторы паўгода быў засыпаны сьнегам. Пачула цяпло і працавітая мурашка. Выпаўзла яна з зямлі, дзе сядзела ўсю зіму; за ёю выпаўзла другая, трэцяя. Вот ужо іх цэлая тысяча поўзае ды грэецца на сонцы. Пагрэліся ды зараз за работу — давай папраўляць сваю хату, папсованую сьнегам. А яшчэ дзянькі праз два-тры папаўзуць яны ў лес зьбіраць кусочкі хвоек, смолку, што скінула старая хвоя. А пападзецца на дарозе жук або хрушч, палепяцца яны за яго ды павалакуць яго да свае хаткі. Працавітае стварэньне мурашка! Многа чаго ёсьць павучыцца ў яе гультаю.