Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ветрык калыша іх і вядзе з імі невядомыя спакойныя размовы! Жаваранкі рассыпаюцца над імі песьнямі, круцячыся ў небе.


8. Вучыся.

Вучыся, нябожа: вучэньне паможа
Змагацца з нядоляй, з няволяй;
Што мучыць сягоньня, што думкі трывожыць,
Зьбяжыць і ня прыдзе ніколі.
Жаль згіне, як мара; ня будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, як цёмен ня будзеш.
Такая прынука, як праца й навука,
Ці-ж можа нам сіл не дадаці?
З такімі сябрамі, знай, будзе ня штука
І гора сваё зваяваці.
Крыўдзіцеляў зможаш, сьлед вечны праложыш
І к долі, і к волі, і к славе,
Адно ты прачніся, вучыся, як можаш,
Ці дома, ці на́ школьнай лаве.
Ўсе людзі значэньне пазналі вучэньня,
Адзін толькі ты ані дбаеш.
Цямней ты, нябожа, як ночка асеньня,
І шчасьце такое ты маеш!

Я. Купала.


9. Горы.

Горы, як волаты, падымаюцца к небу. Гор у дзьве-тры вярсты ёсьць шмат, але пападаюцца горы і ў сем, у восем, нават у дзесяць вёрст увышкі. У нізе гары цёпла, а чым вышэй, тым робіцца халадней. Дзеля таго на горах і расьліны розныя. У нізе расьце вінаград, розныя сады, вышэй — лясы дубу і ясеню; потым растуць вольха, рабіна, бяроза; а яшчэ вышэй, за воблакамі, ідуць кусты, лугі з дзіўнымі краскамі. Там толькі горныя пастухі пасуць свае стадкі. Яшчэ вышэй — мох ды голы камень, а на самым версе — лёд ды сьнег. Там толькі арлы лётаюць.