кую гразь, замазвалі дзіркі ды далей рабілі гнязьдзечка, каб яно было глыбейшае і большае. Доўга працавалі ластаўкі, і вылепілі яны харошанькае кругленькае гнязьдзечка. Тады сталі насіць пёрцы ды высьцілаць імі дно. Самічка-ластавачка несла там свае маленькія рабенькія яечкі.
Цераз тыдні два з яечак вышлі голенькія маленькія птушачкі з жоўценькімі роцікамі. У тое гумно часта прыходзіў гаспадарскі сын Пятрусь. Любіў ён, лёгшы на саломе, пазіраць, як турбаваліся старыя ластаўкі, носячы корм сваім маленькім дзеткам. А маладзенькія ластавачкі садзіліся ў гнязьдзе ўрад і разьзяўлялі роцікі, як толькі прылятала да іх каторая- небудзь старая ластаўка. Старыя клалі корм кожнай па чарзе. Пятрусь любіў на гэта пазіраць і лежачы ціха сам сабе сьмяяўся.
7. Лета.
Прышло і лета. Куды ні глянь — усюды зелена, усё расьце, усё сьпее, усё наліваецца. Лісьце на дрэвах вырасла ва ўвесь свой рост і весела трапечацца на сонцы. Весела пазірае стары лес, што расьце за сялом ды цягнецца па краёх поля, як разак, пастаўлены зубамі ўгару. Кусты арэшніка, верабіны, чаромхі густа разрасьліся ды далёка параскідалі свае зялёныя галіны. Так зелена, так густа скрозь, што, здаецца, не пралезеш у лёс! Птушкі аж глушаць сваімі галасамі, сваім шчэбетам. Некаторыя, раньнія, ужо вывелі дзетак ды клапатліва шчабечуць каля сваіх гнязьдзечак, як нянькі каля калысак. Колькі красак, колькі ўсялякіх матылёчкаў, мошак і пчолак! У паветры стаіць бясконца шум і звон ад іх крыльляў.
Поле пакрылася зяленівам. Ужо выплыў авёс, ячмень. Цягнуцца палоскі гароху з харошанькімі чырвоненькімі і сіненькімі кветкамі. Там відаць зялёненькія стужкі лёну з сіненькімі галоўкамі; бялее грэчка, наліваецца жыта, і ціха шарасьціць яно ў полі сваімі срэбнымі каласкамі. Як слаўна глядзець на гэтыя вузкія палоскі-стужкі сялянскага збожжа, калі сьвежы