Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Б. Як трэба папраўляць памылкі? Сьпісваньне якога-небудзь практыкаваньня ці задачкі альбо суцэльнай стацьці, няхай вучні выпраўляюць самі, памяняўшыся сшыткамі, а настаўнік забірае сшыткі дзеля агульнага азнаямленьня з станам навучаньня. Не бяда, калі дзеці не заўсёды акуратна выправяць. Пісаць так, каб ніколі не памыляцца, абсолютна немагчыма, бо і мы, стала граматныя людзі, вельмі часта памыляемся. Такое вымаганьне ці такую пастаноўку пісьма, каб дзеці пісалі не памыляючыся, трэба прызнаць пустою выгадкаю занадта лібэральных мэтодыстых.

Дыктоўкі сама лепш выпраўляць у клясе колектыўна пад кіраўніцтвам настаўніка, прычым лепей не пасьля ўсёй дыктоўкі, а пасьля кожнага сказу, бо тады вучні зварачаюць больш увагі на тое, што напісалі, і сьвяжэй у памяці вобразы напісанага; апроч таго, часта могуць быць адны і тыя памылкі (на адно і тое правіла); а калі адразу зьвярнуць увагу на памылку, то далей яе можа і ня быць.

Шмат менш будзе карысьці, калі настаўнік папраўляе дыктоўку дома і потым разьбірае яе ў клясе, бо ўжо вобразы таго, што пісалі вучні, будуць сьцёрты з памяці за даўнасьцю часу, і на папраўкі настаўніка яны зьвернуць менш увагі, як пры папраўцы ў той час, калі пішуць.

Пры першым спосабе праверкі (у клясе) прыдзецца напісаць менш, але карысьці будзе больш, як пры папраўцы настаўнікам дома ды яшчэ цераз некалькі дзён.

Падчырківаць памылкі самому настаўніку ня трэба, бо гэта няпрыемна адбіваецца на самапавазе вучня і можа адбіць ахвоту да работы, а без ахвоты работа будзе ісьці кепска. Лепей проста памылку паправіць, а ў некаторых выпадках можна і гэтага не рабіць: памылка сама сабою выправіцца пры далейшых практыкаваньнях, і толькі пры паўторных памылках трэба зварачаць на іх асаблівую ўвагу.

Томсон нават кажа, што зусім няма карысьці папраўляць памылкі. Таму, хто піша, зусім ня трэба перачытваць напісанае; а таму, хто навучае, астаецца толькі сачыць за тым, каб у пісьме не паўтараліся памылкі, проці якіх трэба ўмяшацца дзеля сьвядомага іх зьнішчаньня.

В. Як трэба глядзець на правілы правапісу пры навучаньні граматнасьці? Правілы правапісу павінны займаць самае меншае месца ў радзе іншых фактараў навучаньня граматнаму пісьму. Усе навуковыя дасьледзіны псыхофізыолёгіі пісьма паказалі, што самы важны фактар у справе правапісу становіць выгляд (вобраз) напісанага слова і памяць пальцаў, як пры граньні на скрыпцы ці на раялі.