Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З прычыны блізкага падабенства ў вымаўленьні гукаў г і й даўней поплеч з г пісалі й, напр.: рэгестр — рэестр (рэйэстр), лёгіка — лёіка (лёйіка), генэрал — енэрал (йэнэрал), географія — еографія, рэгент — рэент, геомэтрыя — еомэтрыя і т. д. Прыведзеныя словы можна пісаць гэтак і цяпер.

ж) Чужаземныя іа, іе, іо, (лац. літары) перадаюцца злучэньнямі ія, іе, іо, пасьля зацьвярдзелых — ыя, ые, ыо, напрыклад: геніяльны, спэцыяльны, нацыянальны, рацыянальны, матэрыял, фіялка, варыянт, піетызм, гігіена, эмбрыон, бібліотэка, бібліографія, бібліограф, соцыолёгія, соцыялізм і іншыя.

з) Чужаземны дыфтонг au (лацін. літары) перад зычным перадаецца злучэньнем аў, напр.: аўтар, аўдыторыя, аўтэнтык, аўдыенцыя, аўкцыон, браўнінг, фаўна, лёкаўт, фэўдальны і інш., але перад галосным будзе ау напрыклад: Шопэнгаузр, Баўэр, Ауэрбах і інш.

і) Мяккі знак (ь) у чужаземных словах пішацца пасьля мяккіх л, н, перад ётавым галосным, напр.: Нью-Ёрк, рэльеф, мільён, барэльеф, мэдальён, Вільям і інш.

Пасьля чужаземных прыставак ад—, кон—, об—, суб— перад ётавымі галоснымі ставіцца апостроф (’), а ня мяккі знак, напр.: кон’юнктура, ад’ютант, об’ект, суб’ект, кон’югацыя і іншыя, а таксама пасьля р: кур’ер, бар’ер, кар’ера, ар’ергард і іншыя.

к) У правапісе чужаземных уласных іменьняў могуць быць адступленьні ад некаторых, вышэй пералічаных правіл, каб дакладней перадаць гукавы склад гэтага слова, а дзеля гэтага ў некаторых уласных іменьнях могуць пісацца падвойныя зычныя (Эдда, Тассо, Мэкка, Мільлер, як Ганна, бонна), а літара і можа пісацца пасьля зубных і зацьвярдзелых, напр.: Люзітанія, Кадікс, Шіраз, і іншыя.

Беларускія іменьні людзей найлепш пісаць так, як гавораць у народзе кожнае мясцовасьці, напр.: Язэп, Якуб, Апанас, Лукаш, Тамаш, Грыгор, Мікола, Грышка, Тодар і Хвёдар, Костусь і Канстантын, Юрка, Антось, Ігнась, Міхась, Міхал і Міхайла, Янка, Сьцёпка, Паўлюк; Ганна, Марыля і Марыся, Наста, Юста і Юстына, Зося, Алеся, Кася, Катарына і Кацярына, Аміля, Магда і Магдалена і г. д.