Старонка:Беларускі правапіс (1927).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

а) Ня трэба пісаць каліграфічна, бо стараньне выводзіць кожную букву разьдзяляе асобныя элемэнты пісьма і перашкаджае запомніць, як пішацца слова; наогул кажучы, хто піша каліграфічна, той мяшае вытварэньню паступовай асоцыяцыі ў рукарухоўных успамінах пісьма, а гэта значыць, перашкаджае правільнаму пісьму.

б) Тэкст для сьпісваньня трэ’ даваць невялікі — радкоў 10 друкованых, каб вучань не ўтамляўся ды лягчэй-бы мог утрымаць у памяці вобразы напісаных слоў.

в) Для падтрыманьня ўвагі да работы і сьвядомых адносін да яе, карысна падчырківаць словы на данае правіла правапісу, прычым падчырківаць трэба старанна, акуратна, каб не псаваць прыгожасьці пісьма, і толькі патрэбнае слова або часьць яго.

2. Дыктоўкі, як гаварылася і вышэй, павінны быць выключна навучальныя, г. значыць, дыктуючы трэба не правяраць ступень граматнасьці, не кантраляваць, не экзамінаваць вучня, а вучыць граматна пісаць.

Такія навучальныя дыктанты звычайна ставяцца так: выкладчык выразна чытае патрэбны сказ, дзеці праз паўтарэньне завучаюць яго напамяць; далей зварачаецца ўвага на правапіс кожнага слова, сказу; труднае, або асаблівае па правапісу, слова, у якім дзеці могуць зрабіць памылку (салаўі, уе (ўе) ад віць, дождж, льлецца, ня трэба, не магу і падобн.), выпісваецца на дошцы, а ўжо потым сказ запісваецца вучнямі ў сшытак. Пры такіх работах вельмі часта дзеці самі пытаюцца, якую паставіць літару ў тым ці іншым слове. У такіх разох, само сабою разумеецца, трэба падказаць, зьвярнуўшы ўвагу на гэта ўсяе клясы.

Карысна, калі вучні шукаюць спраўкі, як пішацца слова, дзе хочуць, абы не зрабілі памылкі. Наагул, трэба мець на ўвазе, што калі настаўнік ні разу не дапусьціць вучня зрабіць памылку пры пісьме, то за год ён можа дабіцца большых рэзультатаў у правапісе, чымся за некалькі год пры адваротных умовах (калі вучні будуць рабіць памылкі).

Дыктоўкі павінны адбывацца рэдка, лепш толькі ў тых разох, калі трэба зрабіць паўторнае практыкаваньне на некалькі правіл, напр.: на правапіс зычных гукаў, на правапіс галосных (аканьне), на канчаткі меснага склону іменьнікаў і падобн.

Матэрыялам для дыктовак могуць служыць, апроч стацей, і практыкаваньні, і задачкі, хоць апошнія прызначаны для сьпісваньня, асабліва, калі трэба паўтарыць правілы. Дыктаваць можна і прыклады з розных практыкаваньняў і задачак.