Старонка:Беларускі народ і яго мова.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 9 —

сярэдніе станы гарадзкога грамадзянства,—прымусілі зьвярнуць асаблівую ўвагу на мову, як галоўны правадыр грамадзянскіх інтарэсаў. Панаваўшая тагды літэратурная мова, агульная Заходняй Русі і Ўсходняй, поўная царкоўна-славянізмаў, для зазначанай цэлі не надавалася, як ужо і раней яна была няздатнай для грамат і актаў. Разьвіцьцю ц.-славянскай мовы, хоць і з беларускімі азнакамі, на Беларусі перашкаджала, паміж іншым, адсутнасьць адукацыі ў праваслаўнага духавенства, каторае мусіло ужываць гэтай мовы і заховываць яе. З гэтай прычыны дзеля інтарэсаў грамадзянска-дзяржаўных трэба было зьвярнуцца да народнай мовы. А дзеля таго, што народная мова ня мела патрэбных слоўных тэрмінаў, выказуючых новые разуменьні, то прышлося браць іх з другіх моў, а ў першую чаргу з польскай і праз яе з заходня-эўропэйскіх моў, бо з імі былі знаёмы праз Польшчу вышэйшые і сярэдніе станы на Беларусі. Потым, дзякуючы пашырэньню політычнай і рэлігійнай вуніі з Польшчай (у канцы XVІ в.), калі ўмацаваўся на Беларусі польскі каталіцызм, уплыў польскай мовы на народ і духавенство стаў вельмі прыметны.

З гэтай прычыны апрацованая к канцу XVІ в. беларуская літэратурная мова была перасыпана полёнізмамі, галоўным чынам у слоўніку. Але побач з літэратурнай мовай жыла народная мова, так сама меўшая крыху полёнізмаў. Фонэтычные (ў гуках) і морфолёгічные (у будове і зьменах слова) асаблівасьці ў тэй і другой мове разьвіваліся супольна, аднака; але сінтаксіс у літэратурнай мове часта адступаў ад народнае, а слоўнік яшчэ больш розьніўся, асабліва ў перакладных творах. У больш неакуратных з паміж іх польскі арыгінал часта толькі перапісваўся кірыліцаю ды ў фонэтыцы і морфолёгіі часткаю выпраўляліся відочные полёнізмы. Іграць ролю літэратурнай і офіцыяльнай мовы ёй прышлося доўга, аж покі яе ня выціснула з судова-адміністрацыйнай практыкі польская мова, хоць у іншым ужытку яна істнавала і далей да канца ХVІІІ-га веку і часта перадавалася польскім пісьмом (лацінкаю). Народная беларуская мова жыве і дагэтуль. У пачатку XІX веку рабіліся заходы надаць ёй літэратурную апрацоўку, але гэта было зроблено толькі на канцы XІX і ў пачатку ХХ-га веку.