Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Стаіць пытаньне пра стварэньне рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі. Тав. Усьціновіч тлумачыць, што пытаньне пра стварэньне рабоча-сялян­скага ўраду на Беларусі пастаўлена на павестку дня конфэрэнцыі ў выніку перамаўленьняў тав. Каўшылы з прадстаўнікамі Абліскамзапу[1]. Тав. Дыла выказвае думку, што наша конфэрэнцыя не правамоцна кан­чаткова вырашыць гэта пытаньне. Але, лічачыся з сучасным політычным становішчам Беларусі, нам, канечна, трэба перакінуць на Беларусь свае сілы і там падрыхтаваць думку працоўных гушчаў згодна з пажаданьнямі сэкцый. Тав. Балбека лічыць патрэбным выказаць папярэднюю прынцыпо­вую думку пра гэта пытаньне на цяперашняй конфэрэнцыі, бо на месцы зараз пытаньне гэта стаіць вельмі востра. Тав. Бяганскі выказваецца за тое, каб конфэрэнцыя выказала сваю прынцыповую думку аб гэтым пытаньні: ці патрэбна стварэньне ўлады на Беларусі і якой менавіта, і потым вызначыць шляхі да організацыі работніцка-сялянскага ўраду на Беларусі. Тав. Жылуновіч кажа, што няма патрэбы даводзіць канеч­насьці стварэньня рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі. Мы павінны паслаць туды свае сілы і стварыць там належную атмосфэру да склі­каньня зьезду. Тав. Няцэцкі, як на вельмі важны факт, паказвае на ад­носіны міжнароднага саюзнага імпэрыялізму да гэтага пытаньня. І з гэ­тага боку стварэньне рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі зьяўляецца вельмі важным козырам у руках савецкае ўлады. У даны момант мы ня можам гаварыць аб гэтым у рашучых тонах, знаходзячыся тут. Нам трэба вызначыць програму нашай чыннасьці. Нам трэба на месцы зорганізаваць масы пад нашым комуністычным сьцягам і стварыць магчы­масьць скліканьня Усебеларускага зьезду, які і зьявіцца выказьнікам волі народнай у адносінах да стварэньня ўраду, і таму нам трэба кінуць туды ўсе свае сілы. Падана і прынята пропозыцыя аб тым, каб спы­ніць спрэчкі па гэтым пытаньні. Аднагалосна прынята наступная рэзолюцыя[2]: „Сучаснае становішча Беларусі—выключна складанае і адказ­нае. Створаныя нямецкім броняваным кулаком і імпэрыялістычнай Ан­тантай дзяржавы Польшчы, Літвы і Украіны, на чале з прадстаўнікамі буйнае буржуазіі і нацыянал-шовіністых, з першых-жа дзён свайго існа­ваньня выяўляюць імкненьне да імпэрыялістычнага захопу і прыгнечаньня суседніх з імі народаў, у тым ліку і Беларусі. Нямецкая окупацыя зусім разбурыла Беларусь у экономічных адносінах і, імкнучыся дарэшты зьнішчыць рэволюцыйны настрой рабочых і сялянскіх гушчаў, нячувана жорсткімі рэпрэсіямі душыла кожную праяву самачыннасьці і спробы

  1. Абласны камітэт Заходняй вобласьці, у якую ўваходзіла Беларусь са Смаленскай губэрняй.
  2. У протоколе запісана „Рэзолюцыя, прынятая першай конфэрэнцыяй беларускіх комуністычных сэкцый па нацыянальным пытаньні, аб політычным становішчы Беларусі і ўзаемаадносінах паміж політычнымі партыямі, а таксама пра пытаньне аб стварэньні на Беларусі рабоча-сялянскага ўраду".