Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

соцыяльна-клясавых суадносін і бліскучасьць пэрспэктыў сусьветнай рэволюцыі, зразумела, не гадзілася ў іх воку з буднямі вырашэньня нацыянальных проблем. Апошнія, у кожным разе, маглі пачакаць са сваім вырашэньнем. Сапраўды-ж, разьвіцьцё рэволюцыйных падзей пад канец 1918 году вельмі шчыльна стыкнулася з патрэбаю разьвязаньня нацыянальнага пытаньня. Буржуазія і соцыял-згоднікі паасобных нацый (Польшчы, Украіны, Літвы, Латвіі і Беларусі ў тым ліку) жонглявалі перад працоўнымі гушчамі на нацыянальным пачуцьці. Прадажніцкія ноты вільсонаўскай дэклярацыі пра самавызначэньне нацый таілі ў сабе імпэрыялістычна-буржуазныя намеры і ўзброенае падтрыманьне нацыянальна-буржуазным вызваленцам прыгнечаных нацый.

У будаўніцтве вызваленай Беларусі, як і на Украіне, у Літве і інш., павінны былі вынікнуць сур'ёзныя перашкоды ў галіне нацыянальных пытаньняў. Ад правільнага вырашэньня гэтых пытаньняў залежалі по­сьпехі савецкае ўлады. Гэта ясна ўяўляла’сабе конфэрэнцыя, калі паста­віла на абгавор асобным пунктам павесткі дня нацыянальнае пытаньне. У доўгіх і жвавых спрэчках, часта набываўшых выгляд заядлых сварак, адбыўся канчатак першага паседжаньня конфэрэнцыі і пачатак другога. Нарэшце, калі ўсе жадаўшыя таварышы выказаліся, пастанавілі вынікі спрэчак па нацыянальным пытаньні, па пытаньні аб сучасным політычным становішчы на Беларусі і па пытаньні стварэньня рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі, абагульніць у аднэй рэзолюцыі. І гэта пастанова конфэрэнцыі, бязумоўна, была правільнай, бо фактычна пункт „нацыя­нальнае пытаньне", узятае ў разрэзе яго навуковага разуменьня, кожны прамоўца пераносіў з узвышша тэорытычнага ўгрунтаваньня да непа­срэднага практычнага прыстасаваньня яго ва ўмовах Беларусі. Ад гэт­кага ці іншага разьвязаньня конфэрэнцыяй гэтага пытаньня залежала пастаноўка, абгавор і вырашэньне пункту павесткі дня пра стварэньне рабоча-сялянскага ўраду на Беларусі. Пытаньне-ж—„політычнае стано­вішча на Беларусі і ўзаемаадносіны паміж політычнымі партыямі" мала ўплывала на абодва папярэднія пытаньні паасобку і ў іх лёгічна-натуральнай сувязі. З аднаго боку, прычына гэтаму ў тым, што ўдзельнікі конфэрэнцыі, ня гледзячы на інформацыю прыехаўшых з Менску таварышоў, слаба ведалі сапраўднае становішча па Беларусі; з другога боку, з інформацый нішто ня сьведчыла аб тым, што пытаньне пра ўрад па­вінна ставіцца рубам. Трэба адзначыць, што пытаньне пра стварэньне ўраду на Беларусі стаяла ў асяродку ўвагі конфэрэнцыі, і першыя пы­таньні былі пролёгам да яго. Ясна, што абгавор гэтага пытаньня даў аснову рэзолюцыі, хоць сам па сабе ён цягнуўся вельмі нядоўга і запіс абгавору ў протоколе займае менш месца, чым рэзолюцыя.

З прычыны асаблівай значнасьці пытаньня і формы яго разгляду мы падаем тут яго поўны запісаны тады зьмест. Пасяджэньне аднавілася ў 6 гадзін увечары 22 сьнежня пры тых самых удзельніках конфэрэнцыі.