Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
Гэта старонка была вычытаная

беларускі зьезд працягнуць ідэі, якія год таму назад Беларускі краёвы камітэт пры Усерасійскім савеце сялянскіх дэпутатаў праводзіў на Ўсе­беларускім конгрэсе. Камітэт сэкцыі зацікавіўся, на чым грунтуе Е. К. свае намеры і ад каго ён меўся-б гутарыць пра Ўсебеларускі зьезд. Пецярбурская сэкцыя бадай адначасна ўзьняла пытаньне аб зьезьдзе сэкцыі, і, бязумоўна, кіраўнікі яе ня ведалі аб намерах Е. К. Тут таілася адна магчымасьць—гэта змова Е. К. з кіраўніком пецярбурскага аддзя­леньня Беларускага нацыянальнага камісарыяту т. Каўшылам, чалавекам з выразнымі авантурыстычнымі нахіламі. Якраз прышлі і весткі, што т. Каўшыла выехаў чагосьці на Беларусь. Камітэт маскоўскае бел. сэкцыі гэтак выказаўся пра вымудры Е. К.: „Заслухаўшы інформацьпо т. Жылу­новіча аб прыезьдзе ў Маскву т. К. з місіяй т. т. Сталіна і Леніна наконт скліку Ўсебеларускага зьезду, камітэт маскоўскай беларускай сэкцыі РКП знаходзіць, што выказьнікам волі беларускіх працоўных гушчаў зьявіцца будучы Ўсебеларускі Зьезд Саветаў Рабочых, Сялян­скіх і Чырвонаармейскіх Дэпутатаў, чаму дамаганьні т. К. лічыць зла­чынным сэпаратным выступленьнем... Даручыць Белнакому выклікаць т. Каўшылу ў Маскву дзеля высьвятленьня вынікаў яго паездкі ў Беларусь".

Гэта гістарычнае паседжаньне камітэту сэкцыі, як апошняе перад зьездам беларускіх сэкцый, вынесла таксама пастанову наконт формаваньня беларускай Чырвонай арміі. Пастанова казала: „наладзіць зно­сіны з вышэйшаю вайсковаю ўладаю, каб вырашыць пытаньне пра адкамандыраваньне інструктароў Чырвонай арміі беларусаў на Беларусь з мэ­таю формаваньня Беларускай Чырвонай арміі; скласьці камісію з т. т. Чарвякова і Чарнушэвіча, якой даручыць высьветліць пытаньне пра магчы­масьць формаваньня беларускіх часьцей у Заходняй дывізіі". Гэта паста­нова ня мела канчатковага характару без прагляду гэтага важнага пытаньня зьездам беларускіх комуністычных сэкцый. Але, калі справа з формаваньнем беларускіх часьцей Чырвонае арміі ў Маскве яшчэ выра­шалася, ў Пецярбурзе ў гэты час яна была ўжо вырашана. За некалькі дзён да конфэрэнцыі сэкцый з Пецярбургу надышла тэлеграма, у якой прапанавалася Белнакому прысылаць „беларускіх таварышоў у беларускі атрад, які ў Пецярбурзе дазволена формаваць". Тэлеграма была за подпісам загадчыка Пецярбурскага аддзяленьня Беларускага нацыяналь­нага камісарыяту т. Каўшылы. Само па сабе зразумела, што гэта пытаньне было пільнае.

* * *

Перад самым пачаткам конфэрэнцыі беларускіх комуністычных сэкцый тэрміновымі тэлеграмамі з Пецярбургу і Тамбова было затрымана яе адчыненьне. З абодвух гарадоў прасілі конфэрэнцыю адкласьці да пер­шых дзён студзеня. Пецярбурскія таварышы намякалі на нейкія „непрадбачныя абставіны" і раілі „вясьці працу ў мясцох Беларусі". Тав. Дзедзя,