Старонка:Беларускія сэкцыі РКП і стварэньне Беларускай Савецкай Рэспублікі.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пункту дня была вынесена наступная пастанова аб зьезьдзе сэкцый, які-б абгаварыў пытаньне пра заснаваньне Беларускай Савецкай Рэспублікі: „Дэлегаваць у Беларусь двох прадстаўнікоў сэкцыі—т. т. П. Клыша і Б. Майзеля, якім даручыць наладзіць сувязь з краёвым камітэтам і іншымі комуністычнымі організацыямі ў Беларусі і паведаміць іх пра скліканьне Усебеларускага зьезду прадстаўнікоў комуністычных організацый у Маскве. Апрача гэтага, дэлегаваць у Петраград т. т. З. Жылуновіча і А. Чарвякова, а ў Саратаў, Тамбоў і інш. гарады Расіі—т. А. Дзедзю, якім даручаецца таксама наладзіць зносіны з беларускімі комуністыч­нымі організацыямі, якія ёсьць у гэтых гарадох, і запрасіць іх прыняць удзел на вышэйпамянёным зьезьдзе". У дадатак да гэтае пастановы было вырашана склікаць на 8 сьнежня беларускі мітынг-протэст проці падзелу Беларусі. Гэткім чынам, сэкцыя хутка апанавала станам і асноўныя пы­таньні беларускага жыцьця ўзяла пад сваю ахову і пад сваё кіраўніцтва з мэтаю іх разьвязаньня. Як відаць з пастановы камітэту, насьпеласьць гэтых пытаньняў была поўнай, калі яна вымусіла закрануць магчымасьць беларускага комуністычнага зьезду. На першым пасяджэньні камітэт сэкцыі, апрача асноўнага пытаньня пра скліканьне зьезду сэкцый, раз­гледзеў пытаньне пра формаваньне беларускіх вайсковых часьцей, але ніякае пастановы ня прыняў. З прынятых ім пастаноў на гэтым пасе­джаньні трэба адзначыць пастанову наконт рэорганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту. У ёй гаворыцца: „Каб выканаць пастанову агульнага сходу сэкцыі 24 лістапада адносна ўскладзенага на камітэт кіраўніцтва Беларускім нацыянальным камісарыятам і контролю над ім, пастанаўляецца: даручыць т. т. Фальскаму, Няцэцкаму і Клышу зьвяр­нуцца да Народнага камісарыяту па нацыянальных справах за растлу­мачэньнем з прычыны рэорганізацыі Белнакому і скарачэньня ў ім штатаў зрабіць пропозыцыю аб тым, каб замест кіраўнічага справамі Беларусскага нацыянальнага камісарыяту—была вызначана пасада камісара, каб пашырыць компэтэнцыю і правамоцнасьць Белнакому; увясьці ў яго колегію двох прадстаўнікоў ад сэкцыі, а менавіта—т. А. Чарвякова і т. І. Няцэцкага". Пастанова камітэту сэкцыі была хутка ажыцьцёўлена. У Народным камісарыяце па справах нацыянальнасьцяй згадзіліся на паданы проект рэорганізацыі Беларускага нацыянальнага камісарыяту. Больш таго, інформацыя Народнага камісара па нацыянальных справах т. І. Сталіна праз дэлегацыю з т. т. Я. Дылы, І. Няцэцкага і З. Чарнушэвіча выклікала шэраг новых пытаньняў, якія былі тут-жа падрабязна абгавораны. Паведамленьне пра гэту гутарку, зробленае на агульным сходзе маскоўскай сэкцыі 15 сьнежня т. т. Дылам, Чарнушэвічам і Няцэцкім, зрабіла вялікае ўражаньне на ўсіх яго ўдзельнікаў. Можна было бачыць, што праца камітэту сэкцыі па скліканьню зьезду беларускіх сэкцый зусім ня ўхіляецца ад агульнай політыкі партыі па нацыяналь­ным пытаньні.