Такім парадкам, літара е́ азначае выразны націснуты галосны, так сама як о: каме́ньне, голад.
Літара е азначае ненаціснуты гук або шырэйшы за е́ (бліжэй да а), або вузе́йшы за е́ (бліжэй да і): у садзе, сіненькі.
Не, без, перад, пера і інш. падпадаюць пад агульнае правіла аб аканьні: няшчасьце, няволя, бяздомны, бязрадны, непачэсны, безгалосы, перадплата, перавоз і г. д. Так сама калі не, без, перад, цераз стаяць перад другім словам, але пішуцца асобна: ня дам, ня ве́даю, бяз хле́ба, бяз нас, перад ім, не даве́даўся, без гаворкі і г. д.
Задачка. Перапішы і заме́ста крыжыка пастаў а (я) або э (е):
Н× прыве́тна цер×з вокны ночка п×зіра×. Ціх× ў хац× — ўся сямейка сьпіць ды спачыва×, натрудзіўшы добр× рукі, нат×міўшы пле́чы. Толькі матка з в×р×це́нц×м прытулілась к пе́чы і прадзе́, прадзе́ кудзе́льку. Скач× в×раценц×, а за ёй густы× це́ні бе́гаюць па сьце́нцы. На камінку корч пыла×, злот×м іскры скачуць. За ваконц×м вéц×р ходзіць, глух× ве́рбы плачуць. Зябнуць ве́рбы на мароз×, прытуліўшысь к стрэс×; сьне́гам ве́ц×р сып× ў дзьве́ры, ходзіць шум па ле́с×. І пад гэты шум трывожны дума× стара×, а ў сьле́д думкам н×спакойна вец×р падп×ва×.
Вучыс× н×бож×, вучэньн× памож× змагацца з н×дол×й, з н×вол×й… Што мучыць с×гоньня, што думкі трывож×, — зьбяжыць і н× прыйдз× ніколі.
Жаль згін×, як мара; н× будз×ш н×здарай, нідзе́ і ні ў чым н× заблудзіш; ты праўду ў н×праўдзе, як сонц× між хмар×ў, спазна×ш, як цём×н н× будз×ш.
Навука дае́ ч×лаве́ку розум. Чужым розумам ве́к н× п×р×жыве́ш. В×ўка ногі кормяць.
§95. У чыслах аканьне праве́дзена ня поўна. Чыслы складаныя пішуцца так, як кожная часць, калі яна ўжываецца асобна: семнаццаць, восемнаццаць, шэсьцьсот, восемсот і інш. Толькі шаснаццаць мае а заме́ста э, што чуваць у слове шэсьць. Парадкавыя маюць такі галосны, які ў лічным: дзе́вяць — дзевяты; дзе́сяць — дзесяты і г. д.
§96. Галосныя ў канчатку дзеясловаў 1-га і 2-га спраж. Калі націск прыходзіцца на канчатак, то галосныя, будучы пад націскам, чуваць ясна і заўсёды аднолькава.
1спраж.Няс-у, няс-е́ш, няс-е́(ць), нясём, няс-іцё, няс-уць; бяр-у, бяр-эш, бяр-э, бяр-ом, бяр-ыцё, бяр-уць.
2спраж.Сядж-у, сядз-іш, сядз-іць, сядз-ім, сядз-іцё, сядзяць; маўч-у, маўчыш, маўч-ыць, маўч-ым, маўч-ыцё, маўч-аць.Тутака трэба заўважыць толькі тое, што, калі націск на канцы, то ў 2 асобе мн. л. дзеясловы абодвух спражэньняў маюць у канчатку і, ы: нясіцё, бярыцё, так сама, як сядзіцё, гарыцё.
Калі-ж націск не на канцы, то ў пе́ршым спраж. маем е (пасьля цьвёрдых а), у другім і або ы: думаеце, кажаце; носіце, гаворыце і г. д.
Калі націск прыходзіцца на канчатак, то адразу відаць, якое спражэньне: ідзе́ш, сядзіш, гарэш, маўчыш і г. д. Тутака ясна, што пісаць.
Але калі націск ня прыходзіцца на канчатак, то тады трэба глядзе́ць, што стаіць у канчатку неазначальнае формы. Калі стаіць і або ы, то гэта