Прымаюцца і ўсе́ другія характэрныя асобнасьці беларускае мовы, якія праводзіліся дагэтуль у нашых выданьнях.
Ад прынятае традыцыі адхіляюся толькі тады, калі гэтага вымагае яснасьць сыстэмы або чыстасьць мовы.
Зусім новага нічога ня ўводжу.
Аднолька-ж ня думаю — што жыцьцё ня зробіць з часам значных зьме́наў. Будзем толькі ме́ць надзе́ю, што не залішна вялікія і што ўсё найважне́йшае зроблена добра.
Патрэбы школы прымусілі мяне́ адкінуць усё тое, што ме́ла больш чыста навуковае значэньне, як практычнае. Я уве́сь час не выпускаў з вачэй пэдагогічную старану кніжкі.
Маю надзе́ю, што ў будучыне ле́пшы час пазволіць мне́ выпусьціць паўне́йшую і больш навуковую граматыку беларускае мовы.
Канчаючы, дзякую ўсім, хто мне́ служыў радаю і крытыкай.
А найбольш майму добраму вучыцелю, акадэміку А. А. Шахматову, каторы за ўве́сь час маіх унівэрсытэцкіх навук і пасьля паддаваў мне́ ахвоты напісаць беларускую граматыку і няспынна кіраваў маёю працаю.
Прыязнаму земляку акадэміку Е. Карскаму шчыры і вялікі дзякуй за яго ўвагу і значную помач (ён прагле́дзіў маю працу і даў вялікшую частку беларускай граматычнай тэрмінолёгіі).
Не магу ня ўспомніць і докт. Рудольфа Абіхта, профэсара славянскіх моваў у Брэслаўскім Унівэрсытэце, бо яго думкі аб беларускай мове, пісьмы, пісаныя пабеларуску да маіх прыяцеляў у Вільні, і кніжка «Просты спосаб стацца ў кароткім часе граматным», пераканалі мяне́ ў тым, што я стаю на правільнай дарозе.
Б. Тарашке́віч.
Вільня
13 жніўня 1918 г.
I.
§ 1. Слова, склад націск. Слова дзеліцца на склады: ва-да, ха-та, до-ля, ся-кé-ра, ра-ні-ца. Слова можа быць аднаскладовым, калі ў ім адзін склад (дом, стол, конь), двухскладовым (ва-да, зяр-нё) і шматскладовым (пе-ра-ро-біц-ца).
Калі на пісьме́ слова не зьмяшчаецца ў адным радку, то яго можна перанясьці ў другі радок, але толькі так, каб не парваць складоў (вы-це-ра-біць). Канцы радка трэба паставіць знак пераносу (-).
У кожным слове адзін склад выгаварваецца галасьне́й за другія, з націскам: ха́-та, ка-ра́, ка́ра.
На́ціск, калі трэба, азначаецца знакам ́ над літарай.
Задачка. Разьбіць словы на склады мале́нькімі рыскамі і азначыць націск (вось так, напрыклад: ва-да́, да-ро́-га):
§ 2. Гукі галосныя і зычныя. Склады можна разлажыць на асобныя гукі. Слова „соль“ можам