1. Родны склон адз. ліку мае канчатак у або а, як у цьвёрдым, так і ў мягкім склане́ньні (у мягкім пішацца — ю, я).
Канчатак — а знаходзім:
1) у уме́ньнях, што азначаюць жывыя творы: чалаве́ка, Язэпа, брата, ваўка, вала, злодзея, вераб’я і інш.
2) у іме́ньнях прадмѐтных[1], што можна бачыць, лічыць, найбольш, калі націск прыходзіцца на канчатак: грош — граша́, куст — куста́, малаток — малатка, нож — нажа́, нос — наса́, кош — каша̀, коўш — каўшá, гарнец — гарца і інш.
3) у назовах ме́сяцаў: студня, марца, красавіка, мая і г. д.
Усе́ іншыя іме́ньні звычайна маюць канчатак у: розуму, болю, жалю, сьме́ху, смутку, грому, роду, міру, абычаю, дару, страху, ве́ку, року, пакою, усходу, заходу, це́ню, (гэты це́нь), плачу, ураджаю, сну, жару, прымусу, люду, народу, краю, бору, ле́су, сьне́гу, лёду, попелу, але́ю, шроту, хвойніку і шмат інш.
Бачым, што ва ўсіх гэтых іменьнях націск ня прыходзіцца на у. Толькі ў гэткіх словах, як пясок, тытун, галун, палын, авёс, знаходзім: пяску, тытуну, галуну, палыну, аўсу.
Апрача гэтага — у пад націскам знаходзім яшчэ ў колькі словах: дажджу, агню і часамі чацьвяргу.
2. Ме́сны склон адз. ліку мае чатыры канчаткі: е, і, ы, у.
У іме́ньнях з цьвёрдым зычным перад канчаткам знаходзім е: на дубе́, пры стале́, у млыне́, у кажусé, граць на разé, у гаросе (канчатак не пад націскам).
Іме́ньні на ж, ш, ч, ц, р заўсёды маюць ы: на дажджы, у кашы, на нажы, у калодзяжы, аб коклюшы, паралюшы, у плачы, у бучы, на канцы, на пальцы, на жарабцы, у бары, на тапары і г. д.
З іме́ньняў на ж, ш, ч, ц, р тыя, што азначаюць асобы, найчасьце́й маюць у: аб купцу, пры Рыгору, Лукашу, аб Марцінке́вічу, аб чужазе́мцу, не́мцу, кітайцу і г. д.
Іме́ньні на — к блізка заўсёды маюць канчатак на у: у Полацку, на баку, аб ваўку, на языку, аб чалаве́ку.
Іме́ньні з мягкім зычным перад канчаткам канчаюцца на і: пры гасьці, цясьці, камяні, кані, салаўі, вераб’і, Дунаі, прыяцелі і г. д.
3. Клічны склон. У значэньні клічнага склону часта ўжываецца назоўны склон: паслухай, братка! паслухайце, браткі! Але клічны склон мае і свае́ асобныя канчаткі — у і е (пасьля цьвёрдага зычнага а).
1) Іване, слаўны пане! попе, браце, сваце, дубе, ле́се, сусе́дзе і г. д.
Бог — Божа, чалаве́к — чалаве́ча, казак — казача, воўк — воўча, гарох — гаросе, гарэх — гарэсе, айце́ц — ойча, купе́ц — купча і інш.
2) Конь — коню, вучыцель — вучыцелю, госьць — госьцю, рай — раю, дабрадзею і г. д.; мужу, крыжу, панічу, пісару, бору, явару, братку, галубочку, дзядзьку, дзе́дку, сынку і г. д.
У множным ліку часамі ўжываецца канчатак — ове: панове! сватове! жыдове! і г. д.
Задачка. 1) Праскланяй: чалаве́к, вол, воз, гарод, двор, залом, пісар, рамень, зьвер, аўторак, це́нь, боль, авёс, верабе́й, сук, гарэх, вораг, бе́раг, але́нь, нож.
2) Напішы, якія ве́даеш словы на а і на у ў родным склоне, апрача тых, што ёсьць у граматыцы.
3) Адкажы, у якім склоне зроблены вынятак з-пад аканьня.
4) Успомні з пе́сьняў, казкаў ці прыказкаў якія-колечы іме́ньні ў клічным склоне.
§26. Іме́ньні на о (не пад націскам — а).
Склане́ньне слоў на о падобнае да мужчынскага роду.
- ↑ ад слова прадмет (рэч): усе тыя іменьні, што можам бачыць, лічыць, называюцца прадметнымі.