Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/6

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і праз адзінства тэрыторыяльнае падсуднасьці. Літоўскі вялікі князь разам з раднымі панамі, павінен быў пайсьці насустрач жаданьням шырокіх шляхоцкіх колаў. Была склікана камісія, каб выправіць Статут. Выпраўлены Статут, вядомы пад назовам Статуту Другое Рэдакцыі, быў апублікаваны ў 1566 годзе. Індывідуалістычныя тэндэнцыі літоўска-беларускае шляхты знайшлі ў ім поўнае адбіцьцё. Усе зямляўласьнікі мелі аднолькавыя правы і былі зьвязаны аднолькаваю тэрыторыяльнаю падсуднасьцю. Зямляўласьніцкая кляса Беларусі атрымала магчымасьць шырокага ўплыву на дзяржаўна-праўнае жыцьцё Літоўска-Беларускае дзяржавы, бо яна прымала ўдзел у Вялікім Вальным Сойме, насылаючы двох дэпутатаў ад кожнага павету, як прадстаўнікоў мясцовае павятовае шляхты. Люблінская вунія 1569 году ўтварыла фэдэрацыйную, дзяржаўна-праўную організацыю, вядомую пад назовам Рэчы Паспалітае. Дзякуючы Люблінскай вуніі, апошнія рэшткі прывілеяў буйных зямляўласьнікаў, літоўска-беларускіх магнатаў, былі зьнішчаны. Літоўска-беларускія магнаты страцілі права асабістага прадстаўніцтва на соймах праз запрашэньне на іх асобнымі лістамі вялікага князя. Усе члены шляхоцкага стану зрабіліся цяпер зусім роўнымі ў адносінах адзін да другога. Індывідуалістычныя тэндэнцыя атрымала перамогу. Патрэба выразьней формуляваць дзяржаўна-праўнае палажэньне Літвы і Беларусі ў складзе Рэчы Паспалітае выклікала публікацыю Статуту Трэцяе Рэдакцыі 1588 году. Прасякнуты гэткімі-ж індывідуалістычнымі тэндэнцыямі, як і Статут 1566 году, ён дакладна і выразна падкрэсьліваў дзяржаўна-праўную самастойнасьць Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Рэчы Паспалітае. Ахова законаў недатыкальнасьці асобы і маемасьці прадстаўнікоў шляхоцкага стану атрымала ў Статуце пэўнае і выразнае выяўленьне.

Індывідуалістычныя тэндэнцыі у праве знайшлі выразнае адбіцьцё і ў гарадзкім Майдэборскім праве. Гарады, якія атрымалі ад вялікага князя прывілеі на Майдэборскае права, вылучыліся ў самастойную адміністрацыйна-гаспадарчую адзінку з дакладна азначанай тэрыторыяй. Насельніцтва, якое жыло ў граніцах гарадзкое мяжы, знаходзілася пад магістрацкаю юрысдыкцыяй. Гарадзкое права, як і права шляхоцкае, было набудавана па прынцыпе індывідуалізму і недатыкальнасьці асобы. Мешчанін меў усю поўнасьць грамадзянскае праваздольнасьці і дзеяздольнасьці. Закон бараніў яго маемасныя правы ад замахаў з боку трэціх асоб таксама сувора, як і шляхоцкае статутнае законадаўства. Гарадзкое права адбіла ў сабе індывідуалістычныя тэндэнцыі гандлёвага капіталу, які захапіў у круг свайго ўплыву значную па велічыні тэрыторыю Літоўска-Беларускае дзяржавы.

Новыя гаспадарчыя адносіны, дапамагаючы разьвіцьцю індывідуалістычнае правасьвядомасьці, павялічылі соцыяльна-экономічнае значэньне клясы зямляўласьнікаў пастолькі, паколькі сельская гаспадарка была падставаю народнае гаспадаркі на Беларусі. Кляса зямляўласьнікаў, захапіўшы ў свае рукі прылады і сродкі вырабу і маючы значныя матар’яльныя сродкі, заняла прывілейнае экономічнае і соцыяльна-політычнае становішча. Об’ектыўныя гаспадарчыя ўмовы далі зямляўласьніцкай клясе магчымасьць паставіць у поўную ад сябе соцыяльна-экономічную і юрыдычную залежнасьць сельскае насельніцтва. Зямляўласьнік пачаў кіраваць яго працай, асобай і маемасьцю. Новыя гаспадарчыя ўмовы, дапамагаючы разьвіцьцю індывідуалістычнае правасьвядомасьці сярод шляхоцтва і прывілейнага мяшчанства, прывялі як да разьвіцьця самога інстытуту прыгону, гэтак і да юрыдычнага замацаваньня гэтага інстытуту.