Старонка:Беларускае Адраджэнне ў XVI сталецьці.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

інскага грамадзянства «когда многие всегда путь господен оставили и веру церковную отринули, многого рода преизлишнего покоя возлюбившие же ринушася во пространный широкий путь, сиречь в пропасть ереси люторские і других различных сект». Князь Курбскі думае, што на працягу 1570—1580 гадоў амаль ня ўся Валынь была запаветрана «душевной гангреной». Той самы князь Курбскі адзначае, што сярод украінскае праваслаўнае шляхты было шмат такіх асоб, якія, апынуўшыся ў вясёлай кампані, з прыемнасьцю слухалі ўсялякія закіды і скэптычныя ўвагі адносна хрысьціянскіх догматаў. Прадстаўнік крайняга рэлігійнага консэрватызму, Ян Вішэнскі, вінаваціць амаль што ня ўсіх украінскіх князеў у іэрасі. Аднак, у такім агульным абвінавачваньні нельга ня бачыць пэўнае долі гіпэрболізму. Дасьледчыкі протэстанцтва на Беларусі і Украіне, мітрапаліт Макар і Орэст Лівіцкі, прызнавалі значнае пашырэньне на Украіне протэстанцтва як у яго ортодоксальнай форме, гэтак і ў гарэтыцкім вучэньні. Грушэўскі прыходзіць, аднак, да зусім іншага вываду. На яго думку, словы князя Андрэя Курбскага адносяцца ня толькі да Валыні але і наагул да ўсяе Літоўска-Беларускае дзяржавы. Нават сяброўства праваслаўных паноў і шляхціцаў з протэстантамі Грушэўскі тлумачыць жаданьнем знайсьці ў протэстанцтве дапамогу для барацьбы з каталіцтвам. Сам князь Андрэй КУрбскі быў ортодоксальным маскалём і адносіўся адмоўна да ўсялякага вольнага слова, якое датыкалася рэлігіі. Ня дзіва, што вольнае абгаварваньне рэлігійных проблем здавалася князю Курбскаму бадай што пагалоўным адпадам ад праваслаўя. Усе гэтыя меркаваньні прымусілі Грушэўскага аднесьціся адмоўна да думкі папярэдніх дасьледчыкаў, якія казалі аб значным пашырэньні на Украіне протэстанцтва. Грушэўскі думае, што на Украіне ня было тых об’ектыўных умоў, якія ўтварылі спагадныя абставіны для пашырэньня рэформацыйнага руху. Украінская шляхта фактычна трымала ў сваіх руках усю царкоўную маёмасьць. Права «подавания» дазваляла шляхце ўжываць царкоўную маёмасьць згодна з сваімі паглядамі. Значыцца, сэкулярызацыя царкоўнае маемасьці ня была надта патрэбнаю. Тут і ляжыць прычына некаторага індыфэрэнтызму украінскае шляхты да протэстанцтва. Грушэўскі адзначае і тое што украінская праваслаўная царква была царквою нацыянальнай. Усялякі адыход ад праваслаўнае царквы азначаў і адыход ад свае нацыянальнасьці. Пашырэньне протэстанцтва было толькі вынікам культурных зносін украінскае шляхты з Польшчай, толькі вынікам уплыву польскае культуры. Трэба прызнаць, што ўсе меркаваньні Грушэўскага заслугоўваюць увагі. Бадай што немагчыма цяпер з ранейшай катэгорычнасьцю і рашучасьцю казаць аб значнай захопленасьці протэстанцкімі ідэямі украінскага грамадзянства. Апроч гэтага, трэба ўзяць над увагу яшчэ наступнае: пашырэньне протэстанцтва ў Польшчы, Літве і Беларусі тлумачыцца бязупынным гандлёвым паменам з Нямеччынай, іміграцыяй рамесьнікаў і майстроў, якія прыносілі з сабою і індывідуалістычны рэлігійны сьветапагляд. Залежнасьць Літвы і Беларусі ў гандлёвых адносінах ад рынкаў Нямеччыны і Прусіі і праніканьне на тэрыторыі Літвы і Беларусі замежнага капіталу, які прымаў дзейны ўдзел і ў адпускным гандлі і ў распрацоўцы лясных багацьцяў, — усё гэта было прычынай пашырэньня протэстанцтва сярод беларускага гарадзкога грамадзянства і беларускае шляхты, якая прымала дзейны ўдзел у тым таварапамене, што разьвінаўся з Захадам. Між тым, на Украіне ня было такіх об’ектыўных умоў. Украіна была зьвязана бліжэйшым чынам толькі з польскім рынкам. Панаваў капітал польскі. Замежны нямецкі капітал ня меў вялі-